92-і дзень пратэстаў: больш за 1000 затрыманых і новы ўсплёск салідарнасці ў раёнах


Удзельнікі Маршу народаўладдзя. 8 лістапада 2020 года.
Фота: АВ / Vot Tak TV / belsat.eu

Чарговы нядзельны марш 8 лістапада стаў самым масавым паводле колькасці затрыманых са жніўня.

У Менску сілавікі на гэты раз не далі пратэстоўцам сабрацца ў адно вялікае шэсце – «Марш народаўладдзя», рассякаючы і абкружаючы іх у розных месцах. Тым не менш, шматтысячныя групы нязгодных здолелі сабрацца каля стэлы і на вуліцы Багдановіча.

Затрыманні адбываліся на вуліцы Леніна, на праспектах Пераможцаў і Машэрава, у дварах і ў парку каля опернага тэатру.

Зоркі за кратамі

Агулам затрымана па выніках дня, паводле падлікаў валанцёраў, больш як 1000 чалавек. Сярод іх шмат знакамітасцяў:

  • Міс Беларусь-2008 і былая прэс-сакратарка «Дынама Берасце» Вольга Хіжынкова,
  • вядоўца «Калыханкі» Аляксандр Ждановіч, больш вядомы як Маляваныч,
  • зорка лёгкай атлетыкі, срэбны прызёр Алімпіяды Андрэй Краўчанка,
  • пераможца Кубка свету па кікбоксінгу, сярэбраны прызёр чэмпіянату свету па кікбоксінгу Іван Ганін,
  • былы артыст Cirque du Soleil Сямён Букін,
  • сябра Каардынацыйнай рады Андрэй Ягораў.

Таксама было затрымана шмат журналістаў (Ян Аўсяюшкін, Алена Шабуня, Арцём Лява, Яўген Шапчыц, Святаслаў Зоркі і Віктар Талочка), валанцёры Чырвонага крыжа.

Новая салідарнасць

Пры затрыманнях сілавікі паводзілі сябе вельмі жорстка, у РАУСах затрыманыя па шмат гадзін стаялі на вуліцы, а некаторых з іх забіралі хуткія.

У адказ на гвалт быў абвешчаны паўторны марш. У цэнтр зноў скіравалася спецтэхніка, а на раёнах з новай сілай пачаліся ланцугі салідарнасці і шэсці. У тым ліку, акцыі праходзілі ў мікрараёнах Каменная Горка, Лошыца, Сухарава, Міхалова, Курасоўшчына, Новая Баравая, у Бараўлянах і Лебядзіным ды іншых месцах.

Апроч Менску, акцыі рознага памеру праходзілі ў іншых мясцовасцях Беларусі. Сярод іх Гомель, Баранавічы, Ляхавічы, Полацк, Ракаў, Клічаў, Прылукі, Чэрвень, Лагойск, Дзяржынск, Ваўкавыск, Нягневічы ды іншыя.

Акцыя ў Прылуках.
Фота: чытачы belsat.eu

Затрыманні і акцыі ў сталіцы працягваюцца і дагэтуль.

9 лістапада спаўняецца тры месяцы з моманту пачатку паслявыбарных пратэстаў. За гэты час у Беларусі, паводле падлікаў, затрымалі ўжо больш за 18 тыс. чалавек.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў