Карняенка: Ярмошына толькі прыцягне ў Вене ўвагу да Беларусі


Пакуль старшыня ЦВК збіралася на канферэнцыю АБСЕ, міліцыянты ў доме каардынатара кампаніі «За справядлівыя выбары» трэнавалі стажораў.

11 ліпеня ў доме Віктара Карняенкі ў Фаніпалі (Дзяржынскі раён Менскай вобласці) міліцыянты правялі ператрус і канфіскавалі літаратуру пра назіранне на выбарах. Разам з міліцыянтамі прыйшлі тры стажоры, якія назіралі за працэсам. «Зазірнулі нават у парнікі», – усміхаецца каардынатар кампаніі «За справядлівыя выбары».

У канфіскаваных бюлетэнях была інфармацыя пра бягучыя падзеі ў Беларусі, пра тое, што трэба рабіць, каб змяніць сітуацыю, і як далучыцца да кампаніі «За справядлівыя выбары».

Сёння стала вядома, што апазіцыянеру не далі выехаць у Вену на канферэнцыю АБСЕ «Дэмакратычныя выбары і назіранне за імі». У аэрапорце яму паставілі ў пашпарт штамп аб забароне на выезд з Беларусі. Дзейсны старшыня АБСЕ Эйман Гілмар, які таксама займае пасаду віцэ-прэм’ера, міністра замежных справаў і гандлю Ірландыі, ужо выказаў глыбокае шкадаванне ў звязку з сітуацыяй вакол Віктара Карнеенкі. Высокі чыноўнік заклікаў улады Беларусі перагледзець сваё рашэнне.

Старшыня ж Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына на канферэнцыю паехала, хоць яе туды ніхто не запрашаў. Паводле Віктара Карняенкі, удзел чыноўніцы ў такой сустрэчы выглядае неадназначна і прыцягне ўвагу еўрапейцаў да падзеяў у Беларусі.

belsat.eu

Стужка навінаў