Змагары супраць дамоў для спецназу хочуць зрабіцца дэпутатамі


Два актывісты, якія пратэстуюць супраць забудовы Севастопальскага парку і ўшчыльнення мікрараёну «Уручча-2», падалі заявы аб рэгістрацыі сваіх ініцыятыўных групаў.

Актывісты Віктар Янчурэвіч і Леанід Мажальскі падалі заявы ў акруговыя камісіі па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў 11 ліпеня.

Актывіст Віктар Янчурэвіч плануе вылучацца па Каліноўскай выбарчай акрузе № 108, дзе разам з мясцовымі жыхарамі браў удзел у абароне Севастопальскага парку, абароне ад зносу закінутага дзіцячага садка на вул. Славінскага, а таксама захаванню СШ № 70, закрыццё якой планавалася ў 2010 г.

Кандыдатуру ягонага калегі па змаганні, Леаніда Мажальскага, па Уручскай акрузе № 109 прапанавалі жыхары мікрараёну на чарговым сходзе. Гэта была рэакцыя на тое, што ўлады, рэалізуючы праект ушчыльнення, не ўлічваюць меркавання жыхароў.

Віктар Янчурэвіч паведаміў, што ён з калегам будзе збіраць подпісы па кватэрах выбарнікаў і на пікетах. Паводле актывіста, яны плануюць «закрыць» сваім вылучэннем Першамайскі раён, зрабіць акцэнт на лакальных праблемах і дамагчыся адстаўкі кіраўніка адміністрацыі раёну.

У мікрараёне «Уручча-2» неўзабаве мусяць паўстаць шматкватэрныя дамы – сярод іншага, для працаўнікоў спецназу. Канфлікт, які, на думку гарадскіх уладаў, атрымаў неапраўдана вялікі рэзананс, цягнецца з пачатку красавіка. За гэты час пад патрабаваннем спыніць забудову ў зялёнай зоне актывісты сабралі каля 4000 подпісаў. Аднак адказу ні з Адміністрацыі прэзідэнта, ні ад прэм’ера Міхаіла Мясніковіча і мясцовых чыноўнікаў не дачакаліся.

belsat.eu

Стужка навінаў