Гульня з кніг пра Гары Потэра прабіваецца на Алімпіяду


Аматары кўідытчу, у які любіў граць герой бэстсэлераў Джаан Роўлінг, імкнуцца зрабіць яго алімпійскаю дысцыплінаю.

У Оксфардзе прайшоў адмысловы чэмпіянат па кўідытчу. Гэтак гульцы незвычайнага віду спорту прывіталі паходню з алімпійскім агнём, якую акурат уносілі ва ўніверсітэцкі гарадок. Спартоўцы вырашылі выкарыстаць сёлетнюю Алімпіяду, што пройдзе ў Вялікабрытаніі, каб прапагандаваць гэты від спорту і дамагацца улучэння яго ў спіс алімпійскіх дысцыплінаў.

Першая гульня ў кўідытч прайшла ў Злучаных Штатах Амерыкі ў 2005 годзе. З таго часу колькасць прыхільнікаў кўідытчу няўхільна расце. У гэты від спорту гуляе каля 700 камандаў у 25 краінах свету, пераважна ў Злучаных Штатах. Гульня мае зацверджаны статут і сваіх заўзятараў. У сёлетніх спаборніцтвах узялі удзел 5 камандаў, перамагла каманда з ЗША.

«Я б сказаў, што большасць людзей сярод нас – «батанікі», але ёсць шмат спартоўцаў, якія сур’ёзна займаюцца спортам і атрымліваюць ад гэтага асалоду. Шмат хто з нашых гульцоў насамрэч ніколі не чытаў кніг пра Гары Потэра, але прыйшоў сюды, каб згуляць у новы і захапляльны від спорту,» – кажа адзін з заснавальнікаў чэмпіянату і камісар Міжнароднай асацыяцыі кўідытчу Алекс Бэнэпэ (Alex Benepe).

Тых, хто сумняецца, ці варта кўідытч зрабіць алімпійскаю дысцыплінаю, камісар і галоўны знаўца гульні запрасіў паспрабаваць і пераканацца, наколькі займальны ды дынамічны гэты спорт. Большасць заўзятараў падкрэсліла відовішчнасць і брытанскі каларыт гульні. Яны не маюць анічога супраць таго, каб у кўідытч гралі падчас Алімпіяды.

Кўідытч – выдумка аўтаркі кніг пра Гары Потэра – Джаан Роўлінг. Гульня ў арыгінальнай версіі адбываецца ў паветры, а гульцы лётаюць на чароўных мяцёлках. Рэальныя гульцы вымушаныя адаптаваць некаторыя правілы да звычайных зямных умоваў, хоць мяцёлкі ў якасці спартовых атрыбутаў засталіся. Каманда складаецца з сямі гульцоў: трох паляўнічых, двух палачнікаў, брамніка і шукальніка. Існуюць тры віды шароў: кўэфл, бладжэр і снітч. Паляўнічыя падаюць сабе кўэфл і стараюцца пракінуць яго праз адно з трох колцаў, якія пільнуе брамнік. За кожны гол каманда атрымлівае дзесяць балаў. Палачнікі адбіваюць ад гульцоў сваёй каманды бладжэры. Шукальнік ловіць снітч, у арыгінале гэта хуткі залаты шарык, які перамяшчаецца гэтак імкліва, што яго цяжка заўважыць. Злавіўшы яго, каманда атрымлівае 150 балаў. У рэальнай версіі гульні ролю снітча грае адмысловы гулец. Пасля захопу снітча гульня заканчваецца.

belsat.eu

Стужка навінаў