Першы кандыдат ад сацыяльных сетак з’явіцца ў Гомлі


Сваю каманду гомелец Ігар Случак набраў праз сацыяльную сетку vk.com. Там жа інтэрнаўты праз галасаванне вырашылі, па якой акрузе Случаку лепш балатавацца. Сёння кандыдат ад сацыяльных сетак пойдзе ў акруговую камісію, каб зрабіць работу над памылкамі ў дакументах на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы, якія падаў учора.

Не са столі — з «Кантакту»



Ігар Случак як прэтэндэнт на дэпутацтва ўзяўся не са столі. Малады чалавек каторы год прымушае чыноўнікаў гаварыць і пісаць на роднай мове – кіруе кампаніяй «Справаводства па-беларуску». У групе з такой жа назваю ў сацыяльнай сетцы vk.com Ігар дзяліўся навінамі, пакуль аднойчы не даў абвестку.

«Я напісаў штосьці кшталту таго: пакажыце, што сацсеткі – таксама сіла. Агулам набралася каля 30 ахвотных быць у маёй камандзе, але я адабраў толькі 14. Гэта надзейныя і цікавыя людзі з усёй Беларусі. Музыкі, гісторыкі, журналісты. Пасля стала 15 чалавек. Я далучыў сваю маці, яна будзе кіраўніцаю ініцыятыўнай групы», – дзеліцца сваімі тэхналогіямі Ігар Случак.

На гэтай мапе колерам адзначаныя вобласці, у якіх жывуць людзі, што ўвайшлі ў каманду Случака праз «УКантакце». Будучы кандыдат зазначае, што сярэдні ўзрост ягонай групы – 27 гадоў. І ён мяркуе, што ягоныя выбарцы будуць прыкладна такога ж веку.

Віртуальнае рэальнае

Праз галасаванне ў інтэрнэце людзі таксама вырашалі, па якой акрузе вылучыць свайго прадстаўніка. Большасць галасоў была за Гомель – Савецкую акругу № 34 (31 %).

«Думаю, упершыню ў гісторыі праз апытанку «УКантакце» людзі вырашылі, па якой акрузе прэтэндэнту вылучацца ў кандыдаты. А калі вырашылі – трэба падпарадкавацца», – кажа Ігар.

Зусім незалежны

Нядаўняе даследаванне грамадскай думкі паказвае, што беларускае грамадства падзялілася на тры роўныя часткі. Пры адказе на пытанне, за каго будзе галасаваць, траціна вітае прыхільнікаў Лукашэнкі, другая частка – апазіцыю, а трэцяя хоча «свежай крыві», незалежнага кандыдата. Мы нядаўна публікавалі прыкладны партрэт гэтай трэцяй сілы, якую ў вочы яшчэ ніхто не бачыў. І трэба зазначыць, што Случак пасуе паводле шмат якіх крытэрыяў. І галоўнае – ён не збіраецца здымацца перад галасаваннем.

Настроі грамадства, як паказваюць незалежныя даследаванні, не зусім супадаюць з вынікамі апытанняў у сацыяльных сетках. Вынік апошніх не суцяшальны: большая частка моладзі пакуль не бачыць альтэрнатывы пралукашэнкаўскім кандыдатам і мяркуе галасаваць супраць усіх.

Случак жа са сваёй ідэяй прасоўваць праз парламент нацыянальную свядомасць і каштоўнасці пакуль займае нестабільнае другое месца.

belsat.eu

Стужка навінаў