Газета апраўдваецца: «Чалавек з прапітым тварам» – не Ліпковіч


Сёння блогер Яўген Ліпковіч, пра якога вайсковая газета “Во славу Родины” апублікавала шэраг сатырычных артыкулаў, атрымаў з рэдакцыі ліст з адказам на сваю скаргу. Адказ Ліпковіча не задаволіў, і ён падае пазоў у суд. Газета запэўнівае блогера, што апублікаваныя абразлівыя выказванні датычаць абагуленага зборнага вобразу.

Гэта не пра Ліпковіча

Беларуская вайсковая газета “Во славу Родины” з вясны публікуе артыкулы, якія лічыць публіцыстычнаю сатыраю. Сталы герой публікацыяў – блогер і медыйная персона Яўген Ліпковіч. Аўтар нататак палкоўнік Уладзімер Макараў выкарыстоўвае ў іх выразы кшталту “чалавек з прапітым тварам”, “цуд, які ганьбіць беларускую інтэрнэт-супольнасць”.

Пішучы пра тое, што Ліпковіч спаліў кніжкі Чаргінца (акцыя больш вядомая як “дзень абароны беларускай маральнасці”), Макараў прыгадвае нацыстаў і цытуе сайт predateli.com, дзе апублікаваныя звесткі з асабістай справы блогера пра прызыў у войска.

Раззлаваўшыся, блогер склаў пазоў у суд дзеля абароны годнасці ды рэпутацыі. На гэта з рэдакцыі газеты прыйшоў адказ, падпісаны палкоўнікам Шубадзёравым. Ён запэўнівае, што абразлівыя выразы датычылі не спадара Ліпковіча, а нейкага абагуленага, зборнага вобразу. Як паведаміў службе інфармацыі “Белсату” сам спадар Ліпковіч, далейшыя спрэчкі ён мяркуе весці ў судзе.

Эксперт літаратурнага аналізу

Аўтар спрэчных артыкулаў палкоўнік Макараў не пакінуў сітуацыі без увагі ды апублікаваў у газеце наступную нататку. Ён працягвае высмейваць дзеянні ды асобу блогера, а таксама здзекліва тлумачыць, што гэта ўсё – абагулены вобраз.

Ад кніжак Чаргінца да “чалавека з прапітым тварам”

Чаму палкоўнік Макараў уз’еўся на Яўгена Ліпковіча? Блогер мяркуе, што ўсё адбываецца праз Чаргінца, кнігі якога Ліпковіч публічна спаліў як амаральныя. Чаргінец падаў пазоў у суд дзеля абароны годнасці, выйграў яго, але гэтага аказалася мала. І цяпер ён выкарыстоўвае свайго таварыша па пяры Макарава, каб яшчэ больш насаліць дзёрзкаму блогеру.

Загуляліся

Выглядае, што пісьменнік Чаргінец і публіцыст Макараў загуляліся. Бо 9 ліпеня старэйшы ўчастковы Першамайскага РУУС Гарэлікаў апытаў Яўгена Ліпковіча наконт заявы, якую той падаў у Следчы камітэт. У заяве спадар Ліпковіч патрабуе распачаць крымінальную справу паводле арт. 178 і 179 паводле факту ўцечкі інфармацыі з ягонага прызыўнога асабістага дасье. Інфармацыя, якая мусіць быць сакрэтнаю, стала вядомая палкоўніку Макараву, і той яе апублікаваў у артыкуле “Ліпковіч: клінічны выпадак піраманіі – або?”

“Я буду дамагацца, каб завялі крымінальную справу, нават праз суд, калі гэтага не зробіць міліцыя, – кажа спадар Ліпковіч. – Я так і заявіў участковаму. Для мяне насамрэч дзіўна, што замест вайсковай контрвыведкі гэтаю справаю займаюцца ўчастковыя. Гэта значыць толькі адно: вайскоўцы вельмі не хочуць займацца гэтаю справаю”.

Спадар Ліпковіч спрабуе прымусіць вайскоўцаў прызнацца, як матэрыялы ягонага асабістага дасье і медычныя звесткі, што мусяць захоўвацца ў архіве МУС, сталі вядомыя трэцім асобам.

belsat.eu

Стужка навінаў