Міністэрства абароны не прызнаецца, колькі каштаваў парад


Замест гэтага адзін з ідэолагаў беларускага войска выкрывае «калабарацыяністаў» ды іхных «паслядоўнікаў-лібероідаў» і заяўляе пра сакральнасць свята 3 ліпеня.

Паводле начальніка ўпраўлення інфармацыі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Міністэрства абароны Уладзіміра Макарава, кошт ваеннага параду на Дзень Незалежнасці 3 ліпеня ўкладваецца ў выдаткі дзяржавы на абарону краіны. Пра гэта ён заявіў у сваім артыкуле на сайце Міністэрства абароны. Гэтаю публікацыяй ён адказвае на «вялыя традыцыйныя абвінавачванні ў неабгрунтаваным марнатраўстве».{movie}Пачатак пампезнага параду 3 ліпеня|right|5224{/movie}

«Ваеннае ведамства неаднаразова пісала пра звесткі аб тым, што ваенныя выдаткі Беларусі за апошняе дзесяцігоддзе не перавышаюць 1,49 % ВУП, а сёлета складаюць крыху больш за 1 %, – піша Макараў. – Для параўнання: у СССР у асобныя пасляваенныя гады вайсковыя выдаткі дасягалі 20 % і нават 40 % ад ВУП. Стандарт НАТО цяпер складае 2 % ад ВУП, але эканамічны крызіс закрануў і краіны альянсу, летась адзначалася, што ва ўмовах эканамічнай нестабільнасці патрабаванні ў частцы абаронных выдаткаў на ўзроўні 2 % ад ВУП выконвалі толькі пяць дзяржаваў».

Летась, падчас цяжкага эканамічнага крызісу, Міністэрства абароны таксама наўпрост не назвала коштаў параду. Уладзімір Макараў у адной са сваіх публікацыяў заявіў, што «ў пераводзе на каўбасу» эканомія ад адмены параду была б дастатковая, «каб выдаць не больш як па 10 грамаў каўбасы кожнаму жыхару рэспублікі». Пазней ваенны ідэолаг тлумачыў такія дзіўныя падлікі «палітычнаю сатыраю».

«Калабарацыяністы» ды іхныя «паслядоўнікі-лібероіды»

У сваім новым артыкуле Макараў нечакана пачаў выкрываць апазіцыю ды «калабарацыяністаў»: «3 ліпеня – гэта не свята апазіцыі. Апазіцыя ненавідзіць гэтую святую для беларусаў дату і нават не хавае гэтага. Нянавісць радыкалаў-лібероідаў да савецкага мінулага, нянавісць да гэтага, нянавісць да беларускіх уладаў – усё гэта пераплялося і цягам апошніх 16 гадоў выплюхваецца на інтэрнэт-старонках нібыта незалежных сайтаў».

«Праціўнікам ваеннага параду і адначасова прыхільнікам калабарацыяністаў-здраднікаў» Макараў раіць «перыядычна згадваць урокі гісторыі ды ведаць, як у гады Вялікай Айчыннай вайны, у непараўнальна больш цяжкай абстаноўцы 1941-га, менавіта 7 лістапада праводзіўся Ваенны парад у Маскве, сімвалізуючы будучую Вялікую Перамогу».

Дэманстрацыя (не)баяздольнасці?

Сёлетні парад у афіцыйны Дзень Незалежнасці складаўся з дзвюх частак: вайсковага параду і карнавальнага элементу. Першая частка адбывалася з удзелам больш як 4000 вайскоўцаў і каля 200 адзінак баявой тэхнікі.{movie}Мядзведзікі над Івянцом, хіт байнэту.|right|5223{/movie}

Перад трыбунамі гледачоў прайшла тэхніка перыяду Вялікай Айчыннай вайны і асноўныя ўзоры ўзбраення ды ваеннай тэхнікі беларускага войска. Агульная працягласць параднага разліку тэхнікі перавысіла 2 км.

Асаблівую частку ў ваенным парадзе займала тэхніка войскаў супрацьпаветранай абароны. Аднак на наступны дзень, 4 ліпеня, паветраную прастору Беларусі незаўважна парушылі двое шведскіх пілотаў, якія скінулі на Івянец і адзін з раёнаў Менску плюшавых мядзведзікаў. Потым яны паспяхова вярнуліся ў Літву не заўважанымі беларускімі супрацьпаветранымі сіламі. Літоўскі памежнікі пацвердзілі факт парушэння дзяржаўнай мяжы, беларускае ж Міністэрства абароны гэтыя факты зняпраўдзіла, а відэа з палёту назвала «відэамантажом і фаташопам».

belsat.eu

Стужка навінаў