12 гадоў таму бясследна знік аператар Зміцер Завадскі




“Усе 12 гадоў я губляю надзею на тое, што сёння-заўтра я даведаюся праўду. Гэты час адсоўваецца на больш далёкі тэрмін, магчыма, на гады ці дзесяцігоддзі”, – гаворыць Вольга Завадская, маці Змітра Завадскага.

Аператар тэлеканалу ОРТ знік 7 ліпеня 2000 г. пры нявысветленых акалічнасцях дарогаю ў аэрапорт “Менск-2”. У выкраданні журналіста абвінавацілі афіцэраў спецпадраздзялення “Алмаз” Валерыя Ігнатовіча і Максіма Маліка, якія атрымалі пажыццёвае зняволенне, курсанта Акадэміі МУС Аляксея Гуза, якому далі 25 гадоў пазбаўлення волі, і асуджанага на 12 гадоў турмы Сяргея Савушкіна з трыма судзімасцямі, які цяпер ужо на волі.

Суды над імі праходзілі ў закрытым парадку, таму доказы віны асуджаных не выйшлі за сцены суда. Абвінавачаныя сваёй віны не прызналі, а цела Дзмітрыя Завадскага гэтак і не знайшлі.

“Я ўпэўненая на 100 %, што ўлады і пракуратура, у прыватнасці, ведаюць, што адбылося і з якіх прычынаў, – гаворыць маці зніклага журналіста. – Здаецца, ужо выкарыстаныя ўсе магчымасці ўнутры краіны, каб дамагчыся хоць нейкага тлумачэння ад уладаў і пракуратуры”.

У 1999–2000 гг. акрамя Дзмітрыя ў Беларусі зніклі: першы віцэ-спікер Вярхоўнага Савету Беларусі ХІІІ склікання, старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Віктар Ганчар, бізнесовец і грамадскі дзеяч Анатоль Красоўскі, экс-кіраўнік МУС Юрый Захаранка.

Незалежная грамадскасць падазрае ў арганізацыі знікнення шэраг высокапастаўленых чыноўнікаў, у прыватнасці экс-міністра ўнутраных справаў Уладзіміра Навумава, былога сакратара Савету бяспекі Віктара Шэймана, былога кіраўніка МУС Юрыя Сівакова і экс-камандзіра спецыяльнага аддзелу хуткага рэагавання Дзмітрыя Паўлічэнку.

belsat.eu

Стужка навінаў