Беларусь зноў просіць крэдыт ад МВФ. Эканамісты ўпэўненыя – не дадуць


Як заявіў прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч, Беларусь зацікаўленая ў новай праграме супрацы з Міжнародным валютным фондам.

“Хацелася б пагаварыць пра наступныя крокі – у тым ліку, як і раней мы абмяркоўвалі са спадаром Джарвісам (Крыс Джарвіс, ранейшы кіраўнік місіі МВФ у Беларусі), пра выйсце на праграму”, – цытуе Мясніковіча дзяржаўнае агенцтва БелТА.

Летась Беларусь не атрымала ад МВФ таго падтрымання, на якое разлічвала. “Нашыя дзеянні ў мінулым няпростым годзе былі разлічаныя на ўласныя сілы, найперш канкурэнтаздольнасць эканомікі, стабільнасць грамадзянскай супольнасці ды ўзгодненую і адказную працу ўладаў”, – сказаў Мясніковіч.

Ён выказаў падзяку “стратэгічным партнёрам” з ЕўрАзЭС, якія аказалі “ў той няпросты час” неабходнае падтрыманне Беларусі ў галіне структурных пераўтварэнняў і стабілізацыйных фондаў. “Асабліва мы ўдзячныя кіраўніцтву Расейскай Федэрацыі ды асабіста Уладзіміру Пуціну і Дзмітрыю Мядзведзеву”, – падкрэсліў прэм’ер.

Мясніковіч прапанаваў прадстаўнікам МВФ абмеркаваць далейшыя крокі, якія “былі б у інтарэсах нацыянальнай эканомікі Беларусі ды разам з гэтым улічвалі б працэсы глабальнай эканомікі”.

У сваю чаргу новы кіраўнік місіі МВФ у нашай краіне Дэйвід Гофман заявіў, што на пасадзе кіраўніка місіі МВФ у Беларусі разлічвае працягнуць “тыя добрыя дачыненні” фонду з краінаю. “Гэтая місія – місія дзеля перадавання справаў, якая дае магчымасць спадару Джарвісу прэзентаваць мяне ўладам Беларусі, – растлумачыў Гофман мэту свайго прыезду. – Мы тут ужо два дні працуем, праводзячы сустрэчы, і я застануся тут да панядзелка ўключна”. Цяперашні візіт, дадаў ён, трэба разглядаць як падрыхтоўчую працу для збору інфармацыі дзеля больш маштабнай місіі ў трэцім постпраграмным маніторынгу, які плануецца правесці ў кастрычніку.

Крэдыт патрэбны, але не цяпер?

Паводле эканаміста Аляксандра Сінкевіча, чарговы крэдыт ад МВФ менавіта цяпер не патрэбны. Але можа быць жыццёва неабходны ўвосень, калі павялічацца кошты на энерганосьбіты. Аднак адмысловец упэўнены, што гэтым разам фонд не дапаможа. {movie}Аляксандр Сінкевіч пра крэдыт МВФ|right|5199{/movie}

“Некалькі дзён таму адбылося маштабнае падаражанне тарыфаў у Расейскай Федэрацыі, якое безумоўна ўвосень адаб’ецца на Беларусі. У гэтым выпадку Беларусь не мае ніводнага шанцу атрымаць грошы ад МВФ ці ад ЕўрАзЭС, бо не выконвае ніякіх эканамічных патрабаванняў. У той жа час мы ведаем, што калі прыціскаюць абставіны, беларускі бок дэманструе значную гнуткасць”, – кажа Сінкевіч.

Тут неабходна адзначыць, што абяцаныя саступкі беларускага боку зусім не абавязкова будуць выкананыя. Разам з гэтым эканаміст прагназуе, што пры найгоршым сцэнары – павышэнне коштаў энерганосьбітаў і неатрыманне крэдыту, на вуліцах могуць апынуцца сотні тысячаў чалавек.

Крэдытная гісторыя

Нагадаем, у 2009–2010 гг. Беларусь атрымала ад МВФ у межах праграмы stand-by пяць траншаў крэдыту на агульную суму 3,46 млрд долараў, хоць першапачаткова меркавалася выдаванне 2,45 млрд. Затым Менск яшчэ двойчы звяртаўся ў МВФ па дапамогу. Апошняя заяўка на атрыманне крэдыту была накіраваная Беларуссю ў МВФ сёлета ўвесну. Улады разлічвалі атрымаць 3,5 млрд долараў для рэфінансавання доўгу паводле ранейшага крэдыту. Аднак у МВФ звярнулі ўвагу на негатовасць уладаў Беларусі да глыбокіх структурных рэформаў, што неабходна дзеля аднаўлення крэдытнай супрацы.

3 траўня кіраўнік Нацбанку Надзея Ермакова заявіла: пытанне супрацы Беларусі з МВФ “ляжыць у палітычнай сферы”. Яна таксама адзначыла, што краіне не столькі патрэбныя крэдыты МВФ, колькі тэхнічная ды іншая дапамога фонду.

28 чэрвеня віцэ-прэм’ер Сяргей Румас паведаміў журналістам, што дыялог паміж МВФ і Беларуссю пакуль не актывізаваўся і “застаецца ў такім жа стане, як і два-тры месяцы таму”.

belsat.eu

Стужка навінаў