Ці можна абараніць свабоду ў клетцы? Працяг суда над «Pussy Riot»


Расейская паліцыя затрымала чарговых пратэстоўцаў падчас суда над удзельніцамі антыпуцінскага панк-гурта.

Пратэстоўцы патрабавалі вызваліць удзельніц гурта “Pussy Riot” і на знак салідарнасці з імі перакідваліся шарыкамі, пакрытымі каляровымі маскамі, а таксама выконвалі фрагменты з вядомага панк-малебну “Багародзіца, Пуціна прагані”.

Тры асобы замкнуліся ў металічнай клетцы, каб выказаць падтрыманне ўдзельніцам гурта. Яны прапанавалі абмяняць сябе на падсудных і прыняць пакаранне замест дзяўчат, бо, на іхную думку, улады і так хочуць пасадзіць у турму невінаватых людзей. Паліцыя была вымушаная вызваляць актывістаў з клеткі пры дапамозе абцугоў для металу. Вызваленыя з клеткі, удзельнікі не сталіся вольнымі, – іх адразу ж затрымала паліцыя.{movie}Пратэсты падчас суда над «Pussy Riot»|right|5157{/movie}

Дзяўчаты з “Pussy Riot” правялі 21 лютага ў маскоўскай царкве Хрыста Збаўцы адмысловы “панк-малебен”. Яны прасілі Божую Маці “прагнаць Пуціна” і “стаць феміністкаю”. Гэткім чынам яны абразілі рэлігійныя пачуцці некаторых вернікаў і кіраўніцтва Праваслаўнай царквы. У гэтай справе арыштавалі Надзею Талаконнікаву, Марыю Алёхіну і Кацярыну Самуцэвіч, якім за хуліганства пагражае да 7 гадоў пазбаўлення волі.

Іхны арышт выклікаў рэзананс у расейскім грамадстве. Праваахоўныя арганізацыі, у тым ліку “Amnesty International”, заклікалі расейскія ўлады вызваліць дзяўчат, скрытыкаваўшы жорсткую рэакцыю афіцыйнага боку.

Адвакат адной з “парушальніц” Марк Фейгін паведаміў, што мэта абароны – поўнае апраўданне падсудных або перавод правапарушэння з крымінальнай катэгорыі ў адміністратыўную. “Гэтая мэта не будзе, імаверна, дасягнутая сёння, – на самым версе вырашылі асудзіць іх, і пакаранне будзе вагацца ад 1 да 3 гадоў”, – сказаў абаронца.

Адвакаты перакананыя, што справа мае палітычны падтэкст, а ўлады баяцца прыхільнай да ўдзельніц гурта грамадскай думкі, таму як мага хутчэй імкнуцца завяршыць судовы працэс.

belsat.eu

Стужка навінаў