Мясніковіч загадаў паскорыць рэканструкцыю Купалаўскага ў чатыры разы


Прэм’ер азнаёміўся з ходам правядзення рамонтных працаў у мінулую суботу. Падчас правярання выявілася, што адставанне ад графіку ўзнікла праз хібы праектна-каштарыснага плану і дэфіцыт працаўнікоў.

«Да 15 верасня мусіць быць цалкам гатовы контур і закрыты дах будынку тэатру, а да 15 кастрычніка трэба будзе завяршыць усе тынкавальныя працы на фасадзе. Пасля гэтага пачнуцца работы для ўнутранага адштукавання, усталявання абсталявання і мэблі», – паведамляе сайт ураду.

Міхаіл Мясніковіч назваў рэканструкцыю Купалаўскага тэатру першачарговаю задачаю, запатрабаваўшы «нестандартнага стаўлення да гэтага ўнікальнага аб’екту». Прэм’ер заявіў, што пакуль не заўважыў гэтага, бо «фактычна будуецца новы тэатр».



З пашанаю да культурнай спадчыны?

Рэканструкцыя тэатру імя Янкі Купалы цягнецца з лета 2010 г. Падчас правядзення працаў цалкам разбурылі заднюю частку будынку, дзе былі не толькі службовыя памяшканні, але і «кораб» сцэны.

Галоўны архітэктар праекту Раіса Рымашэўская сцвярджае, што разбураны фрагмент адносіўся да 1950-х гг. і без яго дэмантажу не ўдалося б аднавіць тэатр згодна з пачатковым праектам будынку з ХІХ ст.

У сваю чаргу старшыня Таварыства аховы помнікаў Антон Астаповіч падкрэсліў, што пры руйнаванні сцяны пашкодзілі таксама аўтэнтычную частку будынку. Актывіст быў шакаваны таксама метадам бурэння сцяны – з дапамогаю цяжкой тэхнікі.



Актуальныя задачы

Галоўнаю задачаю назвалі павелічэнне колькасці работнікаў на будаўнічай пляцоўцы. «Трэба даць магчымасць людзям, якія жадаюць працаваць больш за восем гадзінаў, рабіць гэта, і аплачваць іхную працу, асабліва ва ўмовах недахопу працоўных рэсурсаў», – заявіў Мясніковіч.

Чыноўнік даручыў падрыхтаваць сеткавы графік, пад які павінны быць «распісаныя і людзі, і механізмы, і адпаведнае паступленне фінансаў і матэрыялаў».

Такім чынам, у 2012 г. асноўныя работы для аднаўлення будынку Купалаўскага тэатру павінны скончыцца.

Будынак Купалаўскага тэатру – важны помнік станаўлення беларускай дзяржаўнасці. Тут у 1917 г. адбыўся Першы Усебеларускі з’езд, які абвесціў права беларускага народу на самавызначэнне.

belsat.eu

Стужка навінаў