90-ты дзень пратэстаў. Галоўнае


Belsat.eu падводзіць вынікі чарговага дня супрацьстаяння беларускага народу і ўладаў.

Новыя арышты і крымінальныя справы

МУС аб’явіла, што ў Жлобіне аператыўнікамі ГУБАЗіК былі затрыманыя 22-гадовыя браты-блізняты, якія прымалі ўдзел у масавых пратэстах у жніўні. Іх абвінавачваюць у тым, што яны нібыта закідвалі камянямі і тратуарнай пліткай міліцыянтаў і іх службовы транспарт. Браты сталі фігурантамі крымінальнай справы.

ГУБАЗіК затрымаў таксама яшчэ чарговага адміністратара тэлеграм-канала «Кіроўцы 97». 38-гадовую жыхарку Менску вінавацяць у размяшчэнні ў мэсэнджары «заклікаў да дэструктыўных дзеянняў» з мэтай «здзейсненыя актаў тэрарызму і дыверсіяў», адзначаецца ў прэс-рэлізе МУС. Генпракуратура распачала супраць жанчыны крымінальную справу за заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, учыненыя з выкарыстаннем сеткі Інтэрнэт.

Следчы камітэт распачаў крымінальную справу па ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх) КК у дачыненні чацвярых работнікаў БМЗ. Падставай для крымінальнага пераследу стаў жнівеньскі страйк на заводзе.

Hавiны
СК распачаў крымінальную справу супраць удзельнікаў страйку на БМЗ
2020.11.06 19:35

Таксама 6 лістапада стала вядома, што блогеру Эдуарду Пальчысу 6 лістапада было выстаўлена абвінавачванне ў «арганізацыі масавых беспарадкаў». Пра тое, што блогер з’яўляецца фігурантам крымінальнай справы, стала вядома ў канцы кастрычніка, калі ён не выйшаў на свабоду пасля заканчэння 30 содняў арышту.

Працягваўся і пераслед у адміністратыўным парадку. Журналістку Насту Захарэвіч, якую затрымалі ўчора падчас Маршу людзей з інваліднасцю, пакаралі 15 соднямі арышту. А ў Магілёве сілавікі затрымалі журналіста выдання «Магілёўскі рэгіён» Уладзіміра Лапцэвіча.

Санкцыі супраць Лукашэнкі

Еўразвяз зацвердзіў новы спіс беларускіх афіцыйных асобаў, супраць якіх уведзены персанальныя санкцыі. У новы санкцыйны спіс увайшлі 15 асобаў, у тым ліку Аляксандр Лукашэнка і ягоны старэйшы сын Віктар. Таксама ў «чорны спіс» трапіў кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Ігар Сяргеенка, старшыня КДБ, былы старшыня КДК Іван Церцель, кіраўнік Аператыўна-аналітычнага цэнтру пры прэзідэнце Андрэй Паўлючэнка, старшыня Следчага камітэта Іван Наскевіч і ягоныя намеснікі.

Раней, 2 кастрычніка, ЕЗ апублікаваў спіс з 40 беларускіх сілавікоў і чыноўнікаў, у дачыненні якіх былі ўведзеныя персанальныя санкцыі.

Hавiны
Еўразвяз увёў санкцыі супраць Лукашэнкі
2020.11.06 18:14

Судовыя выракі

6 лістапада ў Беларусі было вынесена некалькі судовых выракаў па крымінальных справах за падзеі, звязаныя з пратэстамі.

Суд Жабінкаўскага раёну прызнаў хлопца 2003 года нараджэння вінаватым паводле ч.1 арт. 295-3 (незаконныя дзеянні ў адносінах да прадметаў з гаручым рэчывам) і арт. 364 (гвалт або пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні міліцыянта) КК. Падлетка судзілі за тое, што 11 жніўня ён кінуў кактэйль Молатава ў бок машыны міліцыі, што стаяла побач з мясцовым АУС. Ад гэтага здарэння ніхто не пацярпеў – была толькі пашкоджана абшыўка службовай «Газэлі». Але хлопца пакаралі абмежаваннем волі на тэрмін 2,5 гады без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

У Берасці суд прызнаў вінаватым Іллю Смольскага, якога вінавацілі ў знявазе дзяржаўнага сцяга (арт. 370 КК). Сёлета 16 верасня берасцеец скінуў сцяг з будынку харэаграфічнай школы, што і стала падставай для крымінальнага пераследу. Суддзя Грушко прызначыў Смольскаму пакаранне ў выглядзе аднаго года абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу.

Hавiны
Уладзіміра Чудзянцова пакаралі 5,5 гадамі зняволення
2020.11.06 17:41

Сёння быў таксама вынесены прысуд па рэзананснай справе, якая з сёлетнімі пратэстамі не была звязаная: журналіста Уладзіміра Чудзянцова пакаралі 5,5 гадамі калоніі ўзмоцненага рэжыму і штрафам у памеры 27 тысяч рублёў (больш за $10 тысяч). Суд праходзіў у закрытым рэжыме. Чудзянцова прызналі вінаватым паводле ч. 2 арт. 343 (распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў загадзя непаўнагадоваму), ч. 1 арт. 328 (захоўванне наркотыкаў) і ч. 1 арт. 14 ч. 1 артыкула 328 КК (замах на незаконны перавоз наркотыкаў праз граніцу).

Чудзянцоў быў затрыманы 21 лістапада 2019 года пры перасячэнні беларуска-польскай мяжы. У рэчах журналіста знайшлі 0, 87 грамаў марыхуаны, а ў ягонай менскай кватэры – яшчэ 6,02 грамы. Пасля арышту Чудзянцова стала вядома пра ягоную супрацу з тэлеграм-каналам NEXTA. Сцяпан Пуціла паведаміў, што журналіст часам бясплатна дапамагаў яму з рэдагаваннем тэкстаў для канала, а таксама кансультаваў яго пры падрыхтоўцы дакументальнага фільма «Лукашэнка. Крымінальныя матэрыялы». Пуціла заяўляў, што лічыць арышт Чудзянцова помстай спецслужбаў.

Лакальныя пратэсты

Пратэсты 6 лістапада былі нешматлікімі. У Менску ў скверы на Пуліхава планавала жаночая акцыя ў падтрымку Ніны Багінскай, аднак фактычна яна так і не адбылася – сілавікі прэвентыўна затрымалі каля 10 чалавек.

Днём студэнты БДЭУ стварылі ланцуг салідарнасці насупраць галоўнага корпусу ВНУ. Паралельна выкладчыкі БДЭУ напісалі адкрыты зварот да кіраўніцтва ВНУ з заклікам устрымацца ад пераследу студэнтаў і супрацоўнікаў за сваю грамадзянскую пазіцыю.

Акцыю салідарнасці менчукі правялі на вуліцы Някрасава.

А каля метро «Міхалова» на пікет выйшлі двое медыкаў у белых халатах – такім чынам яны хацелі выказаць салідарнасць з затрыманымі калегамі.

Новую акцыю сёння зладзіў і лятучы хор – цяпер у ГЦ «Сілуэт».

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў