9 чэрвеня пад менскім СІЗА на Валадарскага пройдзе акцыя салідарнасці з Эдуардам Пальчысам


Гэткую інфармацыю ў сябе на старонцы ў «Facebookʼу» апублікаваў былы палітвязень Павал Севярынец. Акцыя «Свабоду Эдуарду Пальчысу!» мае адбыцца а 18:00 па адрасе Валадарскага, 2.

Блогеру, якога 26 траўня экстрадавалі з Расеі, можна пісаць лісты падтрымання: Менск, 220050, Валадарскага 2, Пальчысу Эдуарду.

Маладзёна яшчэ 26 траўня этапавалі з Бранскага СІЗА ў следчы ізалятар на Валадарцы ў Менску. Аўтар блогу 1863x знаходзіўся ў адным з расейскіх следчых ізалятараў больш за чатыры месяцы. Эдуарда Пальчыса затрымалі 23 студзеня пры перасячэнні ўкраінска-расейскай мяжы. Пасля гэтага ідэнтычнасць блогера раскрыў адзін з расейскіх нацыяналістычных сайтаў, ён жа апублікаваў турэмныя здымкі хлопца.

1863x – калектыўны блог, прысвечаны спробе аналізу цякучых палітычных падзеяў у Беларусі, Расеі ды Украіне, а таксама беларускай гісторыі і культуры. Непадпісаныя матэрыялы востра крытыкуюць рэжым Лукашэнкі і Пуціна.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў