Расейцы судзяцца з царквою праз шынамантаж і хімчыстку на яе тэрыторыі


На 28 чэрвеня ў Хамоўніцкім судзе Масквы прызначылі папярэдняе паседжанне ў справе святыні Хрыста Збаўцы. Таварыства аховы правоў спажыўцоў падало на царкоўнікаў у суд, бо тыя вядуць бізнес на тэрыторыі царквы, але хаваюць гэта.

Аўтамыйня, шынамантаж, хімчыстка…

Расейскае Таварыства абароны правоў спажыўцоў атрымала шэраг скаргаў на камерцыйную дзейнасць у святыні Хрыста Збаўцы і правяло правяранне прадпрыемстваў гандлю ды сферы паслугаў. Высветлілася, што на тэрыторыі царквы ёсць аўтамыйня, шынамантаж, аўтасэрвіс, платная стаянка, сталоўка, хімчыстка, гандлёвыя кіёскі з сувенірамі, посудам і ювелірнымі вырабамі. Некаторыя памяшканні здаюцца ў арэнду для правядзення розных імпрэзаў.

Фармальнаю нагодаю для позвы сталася неадпаведнасць заканадаўству: «Фактычна на тэрыторыі святыні працуе бізнес-цэнтр, аднак на яго будынку адсутнічае шыльда з інфармацыяй пра гандляра, яго найменне, месца знаходжання і рэжым працы. Шыльда «Святыня Хрыста Збаўцы» не адпавядае патрабаванням закону», – гаворыцца ў прэс-рэлізе пазоўніка.

Адказчыкам па позве выступае «двор патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі, кафедральная саборная святыня Хрыста Збаўцы». У Патрыярхіі кажуць, што царква не займаецца камерцыяй, а на ўсе прэтэнзіі мусіць адказваць Фонд святыні Хрыста Збаўцы.

Беларускі варыянт

Беларуская праваслаўная царква яшчэ не дайшла да шынамантажу на тэрыторыі святыняў, але таксама курыруе такі-сякі бізнес. Яго можна падзяліць на дзве ўмоўныя галіны: аказанне паслугаў і продаж тавараў.

Хрышчэнне, вянчанне, адпяванне – за ўсё ў царкве трэба плаціць. Служкі называюць гэта ахвяраваннем на патрэбы царквы, аднак яны маюць стабільную таксу. Гэтак, у Гомлі летась вянчанне каштавала ад 120 тыс. руб. У Кіеве кошт вянчання ад 200 да 400 грыўняў, у Маскве больш за ўсё просяць у святыні Хрыста Збаўцы – 10 тыс. расейскіх рублёў. На ўскрайку расейскай сталіцы можна справіць рытуал і за тысячу.

Трэба зазначыць, хто цэрквы не вешаюць прэйскурантаў на дзвярах, а паведамляюць таксу прыхаджанам вусна. Натуральна, чэкаў не выдаюць, бо гэта ахвяраванне, якое не абкладаецца падаткам.

Святы шампунь

Царкоўныя кіёскі ў беларускіх крамах, супермаркетах і на рынках – ужо не рэдкасць. Там можна набыць усё: ад свечак і срэбных крыжыкаў да адзення.

Гэтак, адна з гандлёвых кропак Свята-Елісавецінскага жаночага манастыра прапаноўвае шырокі асартымент тавараў. Срэбныя крыжы, прывезеныя з Расеі, за 150 тыс. руб. і больш, кубкі ручной работы – за 40 тыс., абразкі, шалікі, мёд, мыла, касметычныя сродкі…

У манастырскай крамцы гандлярка расказала, што на тэрыторыі Свята-Елісавецінскага манастыра наладжаная вытворчасць. «Да нас прыходзяць вельмі таленавітыя людзі, яны вырабляюць кераміку, кубачкі, шкляныя сувенірныя крыжы, розную драбязу. Таксама адзенне шыюць. Вы прыязджайце, самі пабачыце», – кажа манашка.

Чамусьці мядовыя вырабы зрабіліся прэрагатываю Беларускай праваслаўнай царквы. Яе крамы гандлююць не толькі слоікамі з мёдам ды пропалісам, але і касметыкаю выключнай серыі «Залаты вулей». Бутэлечкі маюць аздабленне ў праваслаўным стылі, на іх напісана, што прадукцыя вырабленая на замову ПУПП «Высокая гара». Прадпрыемства атрымала дзяржаўную рэгістрацыю ў 2009 г. Гэтая ж «Высокая гара» круглы год ладзіць шматлікія кірмашы-продажы мёду па ўсёй Беларусі. У Менску кірмашы адбываюцца раз на 2–3 месяцы.

belsat.eu

Стужка навінаў