Справа Пачобута: Польшча разлічвае на дапамогу Ангелы Мэркель


З падтрыманнем гарадзенскага журналіста польскага выдання “Gazeta Wyborcza” выступілі прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск і вярхоўны камісар Еўразвязу ў замежнай палітыцы Кэтрын Эштан.

Дональд Туск заявіў, што за справаю Пачобута сочаць польскія дыпламатычныя службы, і выказаў шкадаванне, што Польшча чарговы раз мусіць ціснуць на рэжым Лукашэнкі ў сувязі з затрыманнем апазіцыянераў. Ён паведаміў, што на апошняй сустрэчы Вышаградскай групы звярнуўся па падтрыманне да калегаў з Чэхіі, Славаччыны і Вугоршчыны і здабыў “поўную салідарнасць”.

22 чэрвеня Туск абмеркаваў сітуацыю вакол Пачобута з канцлерам Нямеччыны Ангелаю Мэркель. Кіраўнік польскага кабінету разлічвае на эфектыўнасць размовы: раней у падобных выпадках Беларусь, паводле яго, саступала пад ціскам усяго Еўразвязу і яго рэзкай крытыкі.

Кэтрын Эштан, сярод іншага, заклікала ўлады Беларусі спыніць пераслед актывістаў апазіцыі ды незалежных медыяў, паведамляе Польскае радыё. Яна зазначыла, што гэта не першае затрыманне журналіста, а абвінавачанні, выстаўленыя яму, упісваюцца ў агульную карціну пераследу апазіцыі ды незалежных медыяў у Беларусі.

Андрэя Пачобута затрымалі ўвечары 21 чэрвеня ў ягонай кватэры ў Горадні. Супраць журналіста распачалі справу на падставе ч. 2 арт. 367 КК (паклёп на прэзідэнта, учынены асобаю, раней асуджанай за паклёп ці абразу). Яму пагражае 5 гадоў турмы.

belsat.eu

Стужка навінаў