Пакуль Менск спаў, Нямігу ратавалі ад патопу (фотарэпартаж)


Ратаўнікі трэнаваліся выводзіць людзей з тралейбуса ды плаваць на вучэбных чаўнах на выпадак патопу, які з-за дажджоў часта накрывае вуліцу Нямігу.

Усё гэта адбывалася а 4-й ранку, пакуль Менск спаў. Міністэрства надзвычайных сітуацыяў праводзіла вучэнні “Пасейдон”. Такі ранні час абралі, каб не паралізаваць руху ды працы гарадскіх службаў. Чаму каардынатары рэпетыцыйных парадаў не бяруць з іх прыкладу?

Няміга – адна з самых небяспечных

Няміга ўваходзіць у спіс 70 самых небяспечных для патопу вуліцаў сталіцы. З-за моцных дажджоў, якія бываюць летам, тут утвараецца цэлая рака. Як адзначае прадстаўнік МНС Віталь Дэмбоўскі, вялікія плошчы заасфальтаваныя ды закладзеныя пліткаю, таму вадзе проста няма куды сыходзіць. Усё ўскладняе старая каналізацыя – часам вада б’е наўпрост з-пад зямлі.

Што, калі вада заблакуе транспарт?

У выпадку моцнай залевы МНСаўцы будуць ратаваць пасажыраў з заблакаванага вадою грамадскага транспарту ды аўтамабілі з людзьмі. (Паводле інструкцыі, затопленыя аўты без пасажыраў пакідаюць на расправу стыхіі).

Астатнія задачы будуць развязваць камунальнікі ды ДАІ. Першыя мусяць аператыўна чысціць каналізацыйныя злівы, куды залева прыносіць смецце, якое ўтварае заторы. Інспектары ДАІ будуць перанакіроўваць рух транспарту, каб расчысціць коркі.

Пра трагедыю ніхто не ўспомніў

Вучэнні прайшлі паспяхова, ратаўнікі паказалі зладжанасць працы службаў. Аднак нельга не ўзгадаць, як 13 гадоў таму менавіта на Нямізе ў падземным пераходзе ў людскім натоўпе, што хаваўся ад моцнай залевы, загінулі 53 чалавекі. Вучэнняў дзеля папярэджання такой сітуацыі пакуль не праводзілі.

belsat.eu

Стужка навінаў