Назірай, не назірай... Чарговая кампанія назірання на выбарах


За выбарамі будуць назіраць і праваабаронцы. Беларускі Хельсінкскі камітэт і праваабарончы цэнтр “Вясна” заявілі пра пачатак кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”, якая будзе займацца маніторынгам парламенцкіх выбараў.

Падзея для краіны

Старшыня Беларускага Хельсінкскага камітэту Алег Гулак на арганізаванай сёння прэс-канферэнцыі заўважыў, што выбары – “найважнейшая грамадска-палітычная падзея для краіны”, працэс і вынікі якой вельмі моцна звязаныя з правамі чалавека.

Ён падкрэсліў, што ў краіне складаная палітычная сітуацыя, якая не спрыяе выбарам, і адзначыў, што ў Беларусі застаюцца палітвязні, працягваюцца затрыманні грамадскіх актывістаў, а ўся краіна перабывае ў атмасферы страху.

“Заклікі да байкоту з боку некаторых апазіцыйных лідараў таксама сведчаць пра тое, што людзі не вераць у справядлівыя вынікі, у тое, што выбары выконваюць сваю функцыю ў дзяржаве – спрыяюць змене ўлады. Гэта зніжае каштоўнасць выбарчага працэсу, аднак не значыць, што цяпер ужо можна сцвярджаць, што выбары будуць сфальсіфікаваныя”, – перакананы праваабаронца.

Падыход абаронцаў правоў чалавека

Старшыня БХК заявіў пра аб’ектыўны падыход праваабаронцаў у разгорнутай кампаніі і падкрэсліў іхнае жаданне найбольш поўна адлюстраваць сапраўдную сітуацыю. Гулак дадаў, што кампаніяй зацікавіліся таксама працаўнікі дзяржаўнай бяспекі.{movie}Стэфановіч пра кампанію назіральніцтва на выбарах |right|4879{/movie}

У кампаніі плануецца задзеяць 400 назіральнікаў на 106 выбарчых акругах. У іхныя шэрагі, акрамя валанцёраў, увойдуць рэгіянальныя прадстаўнікі Беларускага Хельсінкскага камітэту і праваабарончага цэнтру “Вясна”.

Намеснік старшыні праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч падкрэсліў, што назіранне будзе адбывацца на ўсіх этапах выбараў – ад фармавання камісіяў да падліку галасоў. Пасля кожнага этапу прадстаўнікі будуць складаць справаздачы, якія апрацуюць, і паводле іх вынікаў будуць праводзіцца прэс-канферэнцыі. Запланаваны таксама выніковы дакумент у выглядзе асобнай брашуры.

Мэты кампаніі

Праваабаронца Таццяна Равяка ў якасці мэтаў кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” вылучыла:
{movie}Таццяна Равяка пра кампанію назіральніцтва на выбарах|right|4878{/movie}
1) ацэнку выбарчага працэсу з гледзішча нацыянальнага заканадаўства;
2) кантроль за тым, ці адпавядае выбарчы працэс міжнародным стандартам у галіне свабодных і дэмакратычных выбараў;
3) інфармаванне беларускага грамадства і міжнароднай супольнасці пра вынікі назірання.

“Назіральнік не будзе мець за мэту прадухілення фальсіфікацыі, бо гэта малавыканальная задача, з чым у нас ёсць досвед”, – сказаў Стэфановіч.

Назіранне не ёсць кантролем
{movie}Уладзімір Мацкевіч пра назіральніцтва на выбарах|right|4880{/movie}
Палітолаг Уладзімір Мацкевіч даволі скептычна паставіўся да ідэі чарговага назірання. Ён сцвярджае, што ўлады не будуць звяртаць увагі “на якіх-небудзь назіральнікаў”.

“Ніякіх ілюзіяў не мусіць быць ні ў кога, хоць назіраць трэба”, – дадаў ён.

Паводле палітолага, назіранне за выбарамі ўжо ажыццяўлялася некалькі апошніх гадоў, але да сённяшняга дня эфектыўнага кантролю над выбарамі не было ні разу.

belsat.eu

Стужка навінаў