Пракуратура хоча «закрыць раты» «дыскрэдытатарам»


Менская пракуратура вынесла папярэджанне праваабаронцу Андрэю Бандарэнку за «дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь». Сам праваабаронца звязвае гэты ціск са сваёй грамадскаю дзейнасцю.

Афіцыйнаю падставаю для папярэджання паслужыў зварот інфармацыйна-асветніцкай установы «Платформа», якую ўзначальвае Андрэй Бандарэнка, у Міжнародную федэрацыю хакею з заклікам не праводзіць у Беларусі чэмпіянату свету па хакеі 2014 г., пакуль не будуць вызваленыя ўсе палітвязні, а таксама не спыняцца рэпрэсіі ў дачыненні праваабаронцаў, журналістаў і актывістаў грамадзянскай супольнасці.

Пракуратура пабачыла ў гэтым звароце «заведама ілжывыя звесткі аб палітычным і сацыяльным становішчы Рэспублікі Беларусь, прававым становішчы грамадзянаў у Рэспубліцы Беларусь, якія дыскрэдытуюць Рэспубліку Беларусь або яе органы».

Хто насамрэч дыскрэдытуе Беларусь?

«Абсурднасць сітуацыі ў тым, што ўлады краіны самі дыскрэдытуюць Рэспубліку Беларусь, груба парушаюць правы грамадзянаў, ігнаруюць Канстытуцыю, а папярэджання выносяцца тым, хто адважыўся пра гэта сказаць, – цытуе Бандарэнку сайт «Платформы». – У краіне людзей затрымліваюць за іхныя погляды, адвакатаў пазбаўляюць ліцэнзіяў, фармуюць спісы невыязных, міліцыя жорстка збівае грамадзянаў сваёй краіны, судовая сістэма цалкам падкантрольная ўладам і пазбаўленая незалежнасці, а нам кажуць, што ў краіне ўсё ў поўным парадку і мы наперадзе планеты ўсёй».

Бандарэнка перакананы ў тым, што зварот у Міжнародную федэрацыю хакею быў толькі нагодаю для папярэджання. «Сапраўдная прычына крыецца ў маіх міжнародных кантактах, дзе я адкрыта распавядаю пра тое, што адбываецца ў краіне», – заявіў праваабаронца.

Дзіўныя самагубствы ў турмах

Сёлета ў лютым «Платформа» абвесціла пра пачатак рэалізацыі новага праекту – «Маніторынг правоў чалавека ў месцах пазбаўлення волі». Мэта маніторынгу –«атрыманне дакладнай інфармацыі пра стан справаў з правамі зняволеных у следчых ізалятарах і папраўчых калоніях Рэспублікі Беларусь, інфармаванне адпаведных органаў і міжнародных структураў».

18 чэрвеня на прэс-канферэнцыі ў Менску Андрэй Бандарэнка паведаміў, што «Платформа» мае намер правесці расследаванне фактаў гібелі вязняў у беларускіх калоніях. Паводле яго, выпадкі гібелі зняволеных апошнім часам «пачасціліся». «Толькі за чатыры месяцы да нас паступілі чатыры заявы аб гібелі людзей у штрафных ізалятарах. Ува ўсіх выпадках гаворыцца пра тое, што людзі ў СІЗА скончылі жыццё самагубствам пры цалкам нявызначаных і незразумелых абставінах», – распавёў Бандарэнка.

Ён падкрэсліў, што пракуратура на гэтыя заявы ніяк не рэагуе. «Таму мы проста вымушаныя пачаць уласныя расследаванні і дамагацца таго, каб даведацца праўду пра гэтыя смерці», – заявіў праваабаронца.

belsat.eu

Стужка навінаў