Ці клюне беларускі бізнес на прынаду ў правінцыі?


Улады заманьваюць беларускіх прадпрымальнікаў у правінцыю. У якасці заахвочвання – абяцанне на 7 гадоў адмяніць падаткі ды іншыя зборы. Адмысловы дэкрэт падпісаў Аляксандр Лукашэнка. Хто клюне на гэты кручок: акулы бізнесу ці дробная рыбка? Каментуе Анатоль Шумчанка.

Нічога не возьмуць – толькі едзь

Дэкрэт прэзідэнта № 6 гарантуе беспрэцэдэнтныя льготы для бізнесу ў беларускіх вёсках і малых гарадах. Прадпрымальнікі на 7 гадоў з моманту дзяржаўнай рэгістрацыі вызваляюцца ад выплаты падаткаў на прыбытак і падаходнага падатку, падатку на нерухомасць, дзяржмыты на выдачу ліцэнзіяў, платаў у інавацыйныя фонды ды выплаты біржавога збору. Таксама камерцыйныя фірмы ды індывідуальныя прадпрымальнікі на гэты тэрмін вызваляюцца ад абавязковага продажу часткі валютнага прыбытку.

На меркаванне ўладаў, такі крок паслужыць стымулам для развіцця занядбанай сельскай мясцовасці. Дэпутат Сяргей Сямашка, які кіруе адмысловаю камісіяй у пытанні прадпрымальніцтва ў Палаце прадстаўнікоў, кажа: «Ільготы прыцягнуць прадпрымальнікаў у сельскую мясцовасць. Таму сяляне будуць занятыя, вырасце іх дабрабыт і пачнецца развіццё рэгіёнаў».

Акулы бізнесу не клюнуць

Каб пайшло развіццё рэгіёнаў, трэба адмяняць не падаткі, а дыктатуру – такой ідэі трымаецца старшыня незалежнага прадпрымальніцкага саюзу «Перспектыва» Анатоль Шумчанка.

«Будзе развівацца агратурызм, кэмпінгі, а пра сур’ёзную вытворчасць сёння гаварыць не выпадае. Бо сур’ёзная вытворчасць забяспечваецца палітычным шляхам, палітычнаю надбудоваю. Лукашэнка сам не раз гаварыў, што да яго прыйшлі бізнесоўцы, і ён ім дазволіў. У краіне няма сілы, якая ў выпадку небяспекі магла б супрацьстаяць Лукашэнку. Рызыка вельмі вялікая», – кажа Анатоль Шумчанка.

Да таго часу, як старшыня аблвыканкаму будзе мець большае права, чымся закон, нармальнага развіцця не будзе, запэўнівае прадпрымальнік. У краіне, дзе дыктатура, ніколі не будзе збірацца «Mercedes» і «BMW». Немагчыма будаваць нармальны бізнес у краіне, якая прымае цывілізаваныя законы, а ў рэчаіснасці ідзе нейкім «сваім шляхам».

Што да сярэдняга бізнесу, то тут таксама ёсць пэўныя праблемы. Ты мусіш мець стартавы капітал, які забяспечваецца крэдытамі, патрэбнае абсталяванне. На думку эксперта, па крэдытах умовы непрымальныя. Абсталяванне купляецца за кошт інвестыцыяў, а мы бачым, што адзінкі гатовыя інвеставаць у Беларусь. І сітуацыя ўскладняецца агромністым недаверам бізнесу да ўладаў.

belsat.eu

Стужка навінаў