Пётр Мамонаў заклікаў перамагаць рэжым каханнем


Адзін з лідараў расейскага андэрграўнду 80-х, заснавальнік гурта “Звуки Му”, музыка, паэт і актор Пётр Мамонаў на прэс-канферэнцыі перад сваім канцэртам выказаўся пра пытанні маралі ды палітыкі.

Паводле Мамонава, калі ў Амерыцы сказаць “Прэзідэнт – дурань!”, то там не толькі адменяць канцэрт, але і пасадзяць. “Гэта ўсюды аднолькава, і ўсе гэта нармальна”, – падзяліўся музыка.

Ён пагадзіўся, што апазіцыя павінна змагацца, але дзеючы толькі ў межах закону, каб не даваць падставы ўладам да агрэсіі. Важны складнік у барацьбе апазіцыі, паводле Мамонава, – стваральны падыход і каханне.

Мамонаў заклікаў ва ўсім кіравацца гэтымі прынцыпамі ды прывёў прыклад святара, які ў сталінскіх лагерах аддаваў свой хлеб хвораму крымінальніку, ад якога вельмі моцна перад гэтым пацярпеў. Гэткім чынам святар прывёў да веры крымінальнага аўтарытэта.

“Тут вельмі важны момант. Калі мы з імі штурхаемся, няхай мы маем рацыю тысячу разоў, мы знаходзімся ў гэтай жа возе. І ўсе разам паехалі – у яму. Не, Хрыстос прапаноўвае іншы шлях – Любові”, – сказаў Мамонаў.

У “Facebook’у” ўжо раней стварылі суполку “Сэрца Беларусі” (“Heart of Belarus”), заснавальнік якой заклікаў дасылаць Лукашэнку свае фотаздымкі з сэрцайкамі ў далонях. Гэткім чынам ён спадзяваўся абудзіць у кіраўніка Беларусі “ўсе тыя добрыя пачуцці, да якіх імкнецца кожны чалавек: свабоду, радасць, справядлівасць, усмешкі блізкіх людзей, шчаслівыя дзеці і любоў”. Прыхільнікаў гэткай ініцыятывы пакуль толькі 12.

belsat.eu

Стужка навінаў