Агнешка Рамашэўская-Гузы: «Мы сталі лепш усведамляць свае мэты»


Пасля больш як чатырох гадоў працы «Белсату» ягонае кіраўніцтва і працаўнікі нанова сфармулявалі спіс каштоўнасцяў, якія дэкларуе і абараняе незалежны тэлеканал.

КАШТОЎНАСЦІ «БЕЛСАТУ»

1. Свабода і незалежнасць у абмене думкамі ды поглядамі.

2. Праўда як імкненне ведаць фактычны стан рэчаў.

3. Роўнасць перад законам і палітычная дэмакратыя.

4. Права чалавека абіраць жыццёвы шлях.

5. Вера і духоўныя каштоўнасці.

6. Незалежнасць і суверэнітэт Беларусі.

7. Культура і мова Беларусі – на бацькаўшчыне і па-за яе межамі.

8. Гісторыя і еўрапейскія карані Беларусі.

9. Талерантнасць і шанаванне правоў меншасцяў, а таксама адметныя традыцыі Беларусі ў гэтай галіне.

10. Разнастайнасць меркаванняў.

11. Нонканфармісцкае стаўленне ды ініцыятыва.

12. Пабудова грамадзянскае супольнасці, развіццё пачуцця грамадзянскай салідарнасці.

Пра каштоўнасці «Белсату» ды іхнае значэнне распавядае дырэктар тэлеканалу Агнешка Рамашэўская-Гузы.

– Паводле задумы, «Белсат» меў быць звычайным тэлебачаннем, якое на роднай мове сумленна інфармавала б беларусаў і працавала б на карысць беларускай дэмакратыі. Чаму спіс каштоўнасцяў так значна пашырыўся?

– У прынцыпе, мы нічога не дадавалі да яго. Мы проста агучылі некаторыя рэчы, адносна якіх у нашым калектыве панавала згода. Калі арганізацыя стабілізуецца, надыходзіць час дакладней вызначыць свае мэты. У першы і другі год працы «Белсату» мы будавалі з нуля ўстанову – дагэтуль беспрэцэдэнтную, пазней працавалі, каб яна набрала сілы і змагла выжыць. Цяпер мы можам больш свядома, зыходзячы з некалькіх гадоў досведу, фармаваць сваю місію і наш вобраз у вачах гледачоў.

– Як вы прыйшлі да фармулявання гэтых каштоўнасцяў?

– Гэта быў творчы працэс, гэтак званы «мазгавы штурм». Мы сабраліся даволі шырокім колам журналістаў і кіраўнікоў станцыі, абмеркавалі, што для нас самае важнае. Адбывалася гэта пад кіраўніцтвам нашага настаўніка Лешэка Мэлібруды, адмыслоўца ў галіне бізнес-псіхалогіі. Мы вызначалі, што для нас галоўнае ў нашай працы, з чым мы ўсе можам пагадзіцца. Такі спіс не можа паўстаць у выніку галасавання. Тут патрэбны кансенсус, каб кожны мог пад гэтым падпісацца.

– Вы пералічылі дванаццаць каштоўнасцяў «Белсату». Якія з іх, на ваш погляд, самыя важныя?

– Не я вызначала іерархію: я не хацела гэтага навязваць калектыву. Кожны можа мець крыху адрознае меркаванне. Каштоўнасці можна падзяліць паводле чатырох вызначальных пытанняў.

– Першае – гэта пытанні, звязаныя з паняткам свабоды ў шырокім разуменні.

– Так. На першае месца мы ставім «свабоду і незалежнасць у абмене думкамі ды поглядамі». Гэта мае фундаментальнае значэнне для нас, бо мы ствараем тэлебачанне, або сродак масавай інфармацыі. Для мяне асабіста вельмі важны аспект журналісцкай дзейнасці – «праўда як імкненне спазнання фактычнага стану». Гаворка тут не пра праўду ў філасофскім сэнсе, а пра жаданне паказваць рэчаіснасць. Журналіст, які кажа толькі тое, што «спадар Ікс нешта сказаў, а спадар Ігрэк сказаў нешта іншае», – гэты журналіст фактычна не інфармуе належным чынам сваіх чытачоў або гледачоў. Мэтаю ўсіх медыяў мусіць быць імкненне высветліць факты. Глядач і чытач, як правіла, не можа зрабіць гэтага самастойна, бо ён жыве ў сваёй мясцовасці, у той ці іншай жыццёвай сітуацыі. Ён не можа сам чагосьці вызначыць, і мы мусім спрабаваць рабіць гэта за яго і для яго. У гэтым – павага журналіста да свайго гледача і чытача.

– «Белсат», як заўжды, падкрэслівае свой традыцыйна дэмакратычны профіль.

– Мы не прыхільнікі якой-небудзь партыі або канкрэтнага палітыка ў Беларусі. Мы папулярызуем роўнасць перад законам і дэмакратыю, права самастойна выбіраць свой жыццёвы шлях. Гарачая дыскусія прайшла адносна веры і духоўных каштоўнасцяў. Мы – не рэлігійная арганізацыя. Няма абавязку быць вернікам. Тым не менш, мы прызнаем, што духоўныя каштоўнасці важныя. Беларусь атрымала ў спадчыну ад камунізму рэлігійную абыякавасць, якая ўрэшце прыносіць неймаверны прымітывізм у разуменне чалавека і ягоных патрэбаў. І ў дыскусіі мы пагадзіліся, што беларусам патрэбная духоўнасць. Яе адсутнасць спрычыняецца да таго, што людзі пачынаюць верыць у неверагоднае – у астралогію, варажбітак. Чалавек – такая істота, якой патрэбнае духоўнае жыццё, што мы і хацелі падкрэсліць. Гэта, аднак, не азначае, што мы хочам прасоўваць нейкія канкрэтныя погляды на рэлігію.

– Прасоўванне беларускай мовы ад самага пачатку было адметнаю рысаю «Белсату»…

– Гэта адзін з аспектаў нашай місіі, якая палягае на падтрыманні ідэяў незалежнасці, суверэнітэту і развіцця культуры і мовы Беларусі. Гэтыя пытанні важныя для існавання любой краіны. У гэтым кантэксце мы падкрэсліваем еўрапейскія карані Беларусі. Таксама звяртаем асаблівую ўвагу на памяркоўнасць і павагу да правоў меншасцяў. Беларусь – краіна, дзе стагоддзямі змешваліся розныя культуры, розныя рэлігіі, традыцыі розных этнічных групаў, розныя мовы, дзе Усход мяжуе з Захадам. Мы лічым, што талерантнасць – гэта каштоўнасць, якая прысутнічае ў гісторыі ды культуры Беларусі, яна вартая культывавання.

– Згадваюцца таксама каштоўнасці, звязаныя з грамадскаю пазіцыяю.

– «Белсат» папулярызуе каштоўнасці, якіх Беларусі не хапае: напрыклад, нонканфармісцкае стаўленне і грамадскую актыўнасць. Мы хочам, каб беларусы не толькі глядзелі на дзяржаву ды інстытуты ўлады, чаму вучыла савецкая сістэма. Грамадствы, якія выходзяць з камунізму, вельмі раз’яднаныя, таму мы робім акцэнт на пабудове лучнасці ды грамадскай салідарнасці. У краінах былога Савецкага Саюзу дзяржава не кансалідавала народу, там кожны жыў сам па сабе. Людзі клапаціліся толькі пра сябе. Ва ўсіх постсавецкіх грамадствах з цяжкасцю аднаўляюцца грамадскія сувязі.

– Як вашыя каштоўнасці выяўляюцца ў дзейнасці станцыі?

– Мы будзем надаваць асаблівую ўвагу тым праграмам, якія прасоўваюць пералічаныя каштоўнасці. Я маю на ўвазе публіцыстыку і дакументальнае кіно. Мы хацелі б таксама, каб яны прысутнічалі ва ўнутраным функцыянаванні станцыі, каб нашыя працаўнікі ўвесь час пра іх памяталі.

– Як гледачы «Белсату» змогуць выказаць сваё стаўленне да іх?

– Мы хочам правесці акцыю сярод некалькіх тысячаў нашых прыхільнікаў на «Facebook». Мы ў іх спытаемся: якія з пералічаных каштоўнасцяў для іх найважнейшыя? Гэта будзе цікавы сацыяльны эксперымент. Мы хочам убачыць, што для іх самае галоўнае: ідэі свабоды, палітычныя пытанні, культываванне грамадскіх дасягненняў ці ўрэшце папулярызацыя нацыянальных ідэяў.

– Набліжаецца пяты дзень нараджэння тэлеканалу – якія планы на будучыню?

– Мы хочам развіваць канал, асабліва яго інфармацыйна-публіцыстычную частку. Мы якраз працуем над увядзеннем жывой трансляцыі ў інфармацыйна-публіцыстычным блоку. Далей мы маем намер стаць патронам незалежнага беларускага кіно: працаваць з дасведчанымі творцамі, выхоўваць моладзь, здымаць і прасоўваць незалежныя дакументальныя фільмы, марым таксама пра першы незалежны беларускі мастацкі серыял… Нашыя дакументальныя фільмы былі адзначаныя шматлікімі ўзнагародамі на польскіх і міжнародных фестывалях. Мы таксама хочам быць усё больш сацыяльна карыснымі. Мы ўжо цяпер апякуемся рознымі культурнымі імпрэзамі, а нашыя адукацыйныя праграмы па гісторыі ды беларускай мове будуць выдавацца ў якасці дапаможных матэрыялаў для вучняў і настаўнікаў.

Размаўляў Якуб Бернат

Стужка навінаў