На Астравеччыне пачалі капаць катлаван пад АЭС


Працы ідуць інтэнсіўна – паводле афіцыйнай інфармацыі, тут задзеяныя 17 экскаватараў і 90 самазвалаў.

Месца катлавану відаць здалёк – над ім вісіць воблака белага пылу. Дробны пыл застаецца ў паветры практычна ўвесь час: толькі моцны парыў ветру ачышчае паветра, як пасля праезду чарговага самазвала пыл узнімаецца зноў. А самазвалы рухаюцца суцэльнаю бясконцаю калонаю. Экскаватары пераважна паўднёвакарэйскай вытворчасці “Doosan”, у меншай колькасці – “Hitachi”, “Hundai”, бульдозеры “Б-11” – чалябінскага заводу (РФ). Усе машыны практычна новыя.{movie}Катлаван пад беларускую АЭС|right|4710{/movie}

8 чэрвеня глыбіня катлавану складала каля пяці метраў. Месца працаў пакуль не агароджанае, але ўжо ёсць таблічкі, якія папярэджваюць пра небяспеку. Паралельна з бетонных плітаў кладуць пад’язныя пуці да катлавану. Грунт адвозяць за тры кіламетры ў кірунку вёскі Побалі. Там ім засыпаюць забалочаныя нізіны, пазней на месца засыпаных балотаў будзе пакладзены зняты з пляцоўкі верхні ўрадлівы слой глебы.

Лукашэнку любім, АЭС – не

Перад пачаткам пабудовы АЭС улады абяцалі мясцоваму насельніцтву новыя высокааплачваныя працоўныя месцы. А пакуль што аказалася, што ў мясцовых кадрах няма патрэбы. “Прыгналі машыны, а разам з імі і шафёры прыехалі”, – гаворыць Вікенцій, жыхар вёскі Валейкуны Астравецкага раёну.{movie}Жыхары Астравеччыны разважаюць пра АЭС і Лукашэнку|right|4711{/movie}

На пытанне, ці зменіцца іхнае жыццё да лепшага, мясцовым жыхарам цяжка адказаць. “Як бы ні нарабілі якога глупства людзям”, – кажа Яніна з вёскі Шульнікі. Разам з сяброўкаю Тэрэсаю яны доўга і наперабой хваляць Аляксандра Лукашэнку. Жыхарка Шульнікаў Ганна не лічыць, што са з’яўленнем АЭС ейнае жыццё палепшае: “Пыл такі, пясок у хату праз вокны…” Аднак гэтак жа, як і Тэрэса з Янінаю, яна хваліць прэзідэнта за “справядлівасць”.

А вось Вікенцій з Валейкунаў адназначна лічыць, што жыццё зменіцца ў горшы бок: “Як кажуць, пакладуць бомбу пад ложак”.

Скептыкі не вераць у эфектыўнасць АЭС

Ідэя пабудовы атамнай станцыі ў Беларусі выклікала шквал крытыкі ў асяроддзі эколагаў. Найбольш сумневаў узнікае адносна бяспекі будучага ядравага аб’екту. АЭС будуецца паводле расейскіх тэхналогіяў, і мяркуецца што старт першага рэактару правядуць таксама расейскія адмыслоўцы. Пры гэтым урад абраў “расейскі варыянт” выключна таму, што саму пабудову фінансуюць… таксама расейцы.

Гэта, у сваю чаргу выклікае скепсіс у незалежных эканамістаў, якія мяркуюць, што пабудова АЭС на такіх умовах павялічыць залежнасць Беларусі ад усходняга суседа. Тым больш што ядравае паліва для АЭС таксама будзе даваць Расея.

Доктар тэхнічных навук, прафесар Георгій Лепін мяркуе, што беларусаў падманваюць наконт кошту атамнай энергіі. “Атамнікі штосьці спісваюць за кошт бюджэту, у чымсьці падманваюць, вызваляюцца ад падаткаў, атрымліваюць нейкія датацыі за мяжою, каб павысіць надзейнасць рэактараў. Усё гэта яны атрымліваюць, але ўсё сыходзіць у пясок – у падліку кошту электраэнергіі гэтага няма. Я паспрабаваў падлічыць, і атрымалася больш за 18 цэнтаў за кілават на гадзіну. А цеплавая энергія – 3–3,5 цэнты. Выходзіць, атамная энергетыка – самая дарагая. Сёння ветраагрэгаты, сонечныя крыніцы выдаюць энергію, у некалькі разоў таннейшую за атамную”, – распавёў Георгій Лепін у інтэрв’ю “Белсату”.

belsat.eu

Стужка навінаў