Лукашэнка будзе вызваляць палітвязняў?


Аляксандр Лукашэнка правядзе нараду ў пытаннях амністыі, паведамляе афіцыйны сайт кіраўніка дзяржавы.

Падрыхтаваць праект закону аб амністыі Лукашэнка публічна распарадзіўся, выступаючы са штогадовым пасланнем да народу і парламенту 8 траўня. Ён даручыў ураду распрацаваць такі дакумент аператыўна, каб прымеркаваць амністыю да “галоўнага дзяржаўнага свята – Дня Незалежнасці”.

Дэпартамент выканання пакаранняў падрыхтаваў і ўнёс на разгляд Савету Міністраў праект закону аб амністыі, які ўзгоднены з усімі зацікаўленымі дзяржаўнымі органамі. Паводле папярэдніх ацэнак, з месцаў пазбаўлення волі могуць быць вызваленыя каля 2800 чалавек. Больш як 7000 асуджаным у межах амністыі плануецца скараціць на год тэрмін пакарання.

Злодзеям і хабарнікам – свабоду, а палітвязні будуць сядзець далей?

“Я ўжо пра гэта казаў: годныя людзі пакутуюць ў засценках, а нягоднікаў мы выпускаем – пад ціскам ці не пад ціскам”, – заявіў Лукашэнка падчас выступу са штогадовым пасланнем да парламенту і народу.

Хто такія годныя людзі ды як яны апынуліся ў “засценках”, кіраўнік краіны не патлумачыў. Аднак “нягоднікі”, мяркуючы са згадак пра “ціск”, – гэта палітычныя вязні, якіх цяпер, паводле праваабаронцаў, у Беларусі, прынамсі 12.

Калі прапанаваны варыянт закону будзе ўхвалены кіраўніком дзяржавы, то ўжо ў ліпені на волю выйдуць непаўналетнія, цяжарныя жанчыны, жанчыны і адзінокія мужчыны, якія маюць непаўналетніх дзяцей, інваліды I і II групаў, хворыя на анкалагiчныя захворваннi, удзельнікі ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС і пацярпелыя ад катастрофы на ЧАЭС, а таксама ветэраны баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаваў. Акрамя таго, ад пакарання могуць быць вызваленыя асобы, якія здзейснілі злачынствы, што не ўяўляюць вялікай грамадскай небяспекі, і злачынствы, якія адносяцца да катэгорыі менш цяжкіх, але пры ўмове кампенсацыі нанесенай шкоды.

Амністыя, згодна з праектам закону, не распаўсюджваецца на тых, да каго раней ўжываўся адпаведны закон. Не падлягаюць амністыі асобы, якія не пакрылі стратаў, прычыненых злачынствам, і грамадзяне, якія не вярнулі дзяржаве даходу, атрыманага ад незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці.



Пытанне Бяляцкага
За Алеся Бяляцкага патрабуюць чарговы За Алеся Бяляцкага патрабуюць чарговы “выкуп”

Зняволенага праваабаронцу Алеся Бяляцкага, бадай, часцей за іншых палітвязняў згадваюць на міжнародным узроўні. Аднак апошнія дзеянні беларускай феміды сведчаць пра тое, што ўлады робяць усё, каб Бяляцкі пад амністыю не трапіў.

Паводле прысуду Бяляцкі мусіў кампенсаваць нанесеныя дзяржаве страты ў памеры Br 721 млн рублёў і выплаціць дзяржаўную пошліну Br 36 млн. Грошы ўдалося сабраць дзякуючы добраахвотным ахвяраванням, аднак гэта не паўплывала на вырак. Больш за тое – на чарговым судзе з Бяляцкага пастанавілі спагнаць яшчэ і пеню, а гэта каля Br 140 млн.

Праваабаронцы лічаць гэтае рашэнне незаконным – як, зрэшты, і ўвесь пераслед Алеся Бяляцкага. Грошы, якія суд палічыў ягоным даходам, былі дапамогаю замежных фондаў, што скіроўвалася на падтрыманне беларусаў, якіх пераследуюць за палітычныя перакананні.

belsat.eu

Стужка навінаў