Беларускія суды часцей апраўдваюць чыноўнікаў


У Беларусі службовыя асобы маюць больш шанцаў выйсці апраўданымі з залы суда. Доля апраўдальных выракаў па абвінавачаннях службовых асобаў складае 20 % супраць, да прыкладу, 3,5 % апраўданых па абвінавачанні ў забойстве. Як сталася, што правасуддзе больш правасуднае для некаторых?

Пакрысе колькасць апраўданых судом чалавек павялічваецца. У 2010-м годзе іх было 217, летась – ужо 382. Гэта 0,3% і нават меней ад колькасці ўсіх асуджаных.


Для следства і пракуратуры кожны апраўдальны прысуд нічога добрага не азначае.

Гары Паганяйла, былы суддзя Вярхоўнага суда РБ, а цяпер кіраўнік юрыдычнай службы праваабарончай арганізацыі “Беларускі Хельсінкскі камітэт” службе інфармацыі “Белсату” паведаміў: “Кожнае апраўданне для суда азначае правасуддзе ў разглядзе справы, а для пракуратуры – гэта вораг у працы, гэта нізкая якасць расследавання, а таксама нездавальняльная праца нагляду за следствам. Таму абсалютная большасць такіх выпадкаў апратэстоўваецца пракурорамі як незаконныя. Таму ў суддзяў выпрацоўваецца абвінаваўчая псіхалогія ды асцярожнасць да апраўдальных прысудаў”.

Суд можа апраўдаць абвінавачанага з-за недастатковасці доказаў віны альбо з-за сумнеўных доказаў, з-за парушэнняў працэсуальнага парадку з боку следства. Ёсць выпадкі, калі знаходзяць сапраўднага вінаватага ў той час, як чалавек ужо адбывае пакаранне.

Народжаныя ў кашульцы

У 2011 годзе суды апраўдалі 20 % (41 чалавек) абвінавачаных паводле артыкулу “злоўжыванне ўладаю ды службовымі паўнамоцтвамі”. Сярод абвінавачаных у згвалтаванні апраўданыя 6,5% (8 чалавек), у забойстве – 3,5% (11 чалавек).

“Калі справа датычыць службовых асобаў, то самі ўлады, канечне, стараюцца сваіх абяліць, рука руку мые. І калі доказаў недастаткова альбо яны слабыя, то суды службовых асобаў апраўдваюць. Не выключаю, што дзеіць таксама негалосная дамова. Чалавека арыштавалі, які злоўжыў уладай, яго патрымалі ў следчым ізалятары, ён знайшоў шлях да высокіх чыноўнікаў і такім апраўдальным прысудам нібы “выбачаюць”: атрымаў ты навуку і дастаткова”, – мяркуе адмыслоўца.

Кожная 3-я справа з недахопамі

Леташні рост апраўдальных прысудаў юрыст Паганяйла звязвае з ўвядзеннем інстытуту Следчага камітэту ды праводзіць аналогію з 2000 годам. Тады скасавалі інстытут дадатковага расследавання, і суддзі ажыццяўлялі больш строгі падыход да якасці расследавання справаў. Але, як заўсёды, паступова абвінаваўчы ўхіл умацоўваўся, і кантроль за якасцю расследавання аслабеў.

“Мы, праваабаронцы, лічым, што паводле кожнай трэцяй справы было недастаткова доказаў для асуджэння асобаў, якіх прызналі вінаватымі. Гэта старая хвароба, якая ідзе з савецкіх часоў: суды дзеяць з абвінаваўчым ухілам. Ёсць артыкул – чалавек знойдзецца… Чалавека арыштавалі, значыць, яго трэба пакараць”, – кажа спадар Паганяйла.

Карны аптымізм

Перадусім задача судовай сістэмы не знайсці вінаватага, а ацаніць ступень даказанасці віны таго ці іншага чалавека. Можа, з-за гэтага ў ЗША ды Еўразвязе не надта пераймаюцца, што паказнік апраўдальных прысудаў не такі малы, як у Беларусі. Гэтак, у ЗША апраўдваюць 25% тых, хто трапляе на лаву падсудных, у ЕЗ – 20%, а ў Беларусі – 0,3%.

belsat.eu

Стужка навінаў