Скандальнае кіно: аўтарскі варыянт «Вышэй за неба» он-лайн


Сёння карыстальнік “YouTube” Parismrche выклаў аўтарскі ды не ўзгоднены з замоўнікам варыянт кіно “Вышэй за неба”. Стужку папярэджваюць словы пра тое, што “гледзячы версію, не зацверджаную аўтарамі, вы падтрымліваеце палітычную цэнзуру ў Рэспубліцы Беларусь”.



Невядомы «Робін Гуд»

Аўтары праекту адмаўляюць сваю датычнасць да з’яўлення кіно ў інтэрнэце. Сцэнарыст Андрэй Курэйчык паведаміў “Нашай Ніве”, што шкадуе пра тое, што ў інтэрнэт патрапіла толькі працоўная версія стужкі.

Як стала вядома службе інфармацыі “Белсату”, сцэнарыст Курэйчык цяпер у Маскве і будзе там да канца месяца, прадзюсар – у Францыі. Пракаментаваць сітуацыю адмовіўся аператар фільму Аляксей Карнееў. Ён сказаў, што на гэты момант будзе няправільна штосьці каментаваць, калі аўтары ў ад’ездзе.



Першыя каментары – негатыўныя

На “YouTube” стужка ўжо мае некалькі соцень праглядаў. У ёй ёсць зварот да гледачоў:

“Гэтая версія працоўная і прызначаная для прагляду працаўнікамі офісу ПРААН у Беларусі. Яна створаная… для абароны сваіх аўтарскіх правоў, у тым ліку права на абарону твору ад скажэння”.

“На сёння аўтарская версія фільму забароненая для паказу беларускаму і сусветнаму гледачу чыноўнікамі з ПРААН Маліноўскай, Хількевічам, Кузьмянок, Гаракханавым… Любыя іншыя версіі фільму ці серыялу “Вышэй за неба”, не зацверджаныя аўтарамі, груба скажаюць іхную мастацкую задуму, прыніжаюць іхную годнасць і ёсць прадуктам варварскага гвалту і цэнзуры над мастацкім творам”.

Гледачы на “YouTube” пакінулі два каментары – негатыўныя: “У каго бяссонніца – рэкамендую”, і “Фільм не выклікаў эмоцыяў – толькі спусташэнне. І што тут забароненага?”

І гэта не прэм’ера



Прэм’ерны паказ кіно “Вышэй за неба” ўжо адбыўся – праўда, для вузкага кола гледачоў. Месяц таму блізкія і сябры Андрэя Курэйчыка маглі паглядзець стужку ў “прыватным фармаце”.

У той жа час замоўнік, якім ёсць беларускі офіс ПРААН, заяўляе, што “рыхтуе чыставую версію мантажу 8 серыяў серыялу”. Ды заяўляе, што дазволены для распаўсюду толькі трэйлер. Усе астатнія відэаматэрыялы ПРААН забараняе выкарыстоўваць.

belsat.eu

Стужка навінаў