Адвакатку Саннікава не пусцілі за мяжу праз... прызыў у войска


Марына Кавалеўская, адвакатка экс-кандыдата на прэзідэнта Андрэя Саннікава, атрымала тлумачэнні адносна свайго статусу невыязной. Жанчыну, якая не падпадае пад ваенны абавязак і не мае дачынення да войска, унеслі ў спіс невыязных з прычыны «ўхілення ад мерапрыемстваў па прызыве на воінскую службу».

Пра гэта ёй паведамілі сёння ў аддзеле грамадзянства і міграцыі па месцы жыхарства. Высветлілася, што рашэнне аб унясенні Марыны Кавалеўскай у спіс грамадзянаў, якім забаронены выезд з Беларусі, было прынятае 5 сакавіка 2012 г. (гэтым жа днём датаваныя ўсе рашэнні аб забароне на выезд шэрагу апазіцыйных палітыкаў, грамадскіх дзеячаў і праваабаронцаў).

«Я не адношуся да ваеннаабавязаных, не прыпісаная ні да якога ваенкамату і не маю ваеннага білета. Як толькі я даведалася аб прычыне адмовы ў выездзе, я адразу ж звязалася з Міністэрства абароны. Там вусна мне адказалі, што ініцыятывы аб уключэнні мяне ў спіс невыязных яны не праяўлялі», – паведаміла Марына Кавалеўская.

Адвакатка назвала інцыдэнт «беспрэцэдэнтным ціскам на адваката». «Па-мойму, забарона на выезд адваката за межы Беларусі закранае годнасць адвакатуры ў цэлым. Я звязваю забарону на выезд са сваёй прафесійнаю дзейнасцю. Але я заўсёды працавала ў межах закону», – падкрэсліла Марына Кавалеўская.

Саннікава на мяжы абшуквалі

Пра тое, што яна не можа выехаць за межы Беларусі, Кавалеўская даведалася 6 чэрвеня, калі з мужам і сынам накіроўвалася ў Літву. На памежных пераходзе «Каменны Лог» ёй забаранілі перасякаць мяжу і паставілі ў пашпарт адпаведны штамп.

Нагадаем, што ў той жа дзень пры выездзе ў Вільню з праблемамі сутыкнуўся і падабаронны Кавалеўскай Андрэй Саннікаў. Раніцай яго знялі з цягніка Менск–Вільня, праверылі рэчы і правялі асабісты мытны надгляд. Нарэшце Саннікаву паведамілі, што выезд з краіны яму не забаронены. Цяпер экс-кандыдат на прэзідэнта знаходзіцца ў Вільні.

Беларусь мае свой чорны спіс

З пачатку сакавіка адмову ў выездзе за мяжу атрымаў шэраг апазіцыйных палітыкаў, праваабаронцаў і карэспандэнтаў недзяржаўных медыяў Беларусі. Гэта адбылося пасля чарговага пашырэння спісу беларускіх чыноўнікаў, не ўязных у краіны Еўразвязу.

Ва ўпраўленнях грамадзянства і міграцыі па месцы жыхарства ў якасці прычынаў адмовы ім называлі няяўку ў ваенкамат на мерапрыемствы прызыву ў армію, хаця прызыўны ўзрост гэтых грамадзянаў даўно закончыўся, а таксама нейкія выстаўленыя ім грамадзянскія позвы, пра якія самі яны нічога не ведалі.

У сакавіку начальнік упраўлення ў пытанні нагляду за выкананнем заканадаўства і законнасцю прававых актаў Генпракуратуры Павел Радзівонаў заявіў журналістам: апазіцыянерам, якія заклікаюць да санкцыяў у дачыненні Беларусі, можа быць абмежаваны выезд за мяжу. 12 сакавіка той жа Радзівонаў публічна сцвярджаў: у Генпракуратуры няма інфармацыі пра ўключэнне прадстаўнікоў апазіцыі ў спіс невыязных.

belsat.eu

Стужка навінаў