Палякі вызвалілі Андрэя Пыжыка. Справа скончана?


Беларускі палітычны ўцякач распавёў “Белсату”, што яго чакае далей.

Варшаўская раённая пракуратура загадала неадкладна вызваліць беларускага палітычнага ўцекача, які пражывае ў Польшчы. Афіцыйная прычына – “адсутнасць афіцыйнай прапановы беларускага боку наконт часовага арышту”, паведамляе Польскае радыё са спасылкаю на пракурора Варшаўскай акруговай пракуратуры Рышарда Рагатку (Ryszard Rogatko).

У панядзелак, 5 чэрвеня, Андрэя Пыжыка арыштавала польская паліцыя паводле запыту “Інтэрпола”. Затым беларуса перавезлі ў пракуратуру, каб дапытаць. Як сказала пракурор Катажына Цалуў-Яшэўска (Katarzyna Calów-Jaszewska), затрыманага адпусцілі дадому ў сувязі з недахопам дакументаў.

Як распавёў Андрэй Пыжык “Белсату”, цяпер польская пракуратура выслала запыт у Беларусь, каб беларускі бок прадставіў усе матэрыялы па ягонай справе. Пасля чаго польская пракуратура на падставе прадстаўленых матэрыялаў вырашыць, ці перадаваць справу ў польскі суд. Паводле Пыжыка, у базе “Інтэрпола” ён праходзіць як абвінавачаны ў прысваенні Br 100 тыс. і змушэнні падазраваных да дачы паказанняў.

Былы жодзінскі следчы быў вымушаны ўцячы ў Польшчу пасля адмовы распачынаць крымінальную справу «афганца» Аляксандра Камароўскага ў час, калі той вылучаўся ў жодзінскі гарсавет. Пасля Андрэй Пыжык зрабіў адкрытую заяву пра тое, як фальсіфікуюцца справы «палітычных» у Беларусі. А нядаўна выступаў у якасці эксперта ў фільме «Белсату» «Страх у краіне спакою», прысвечаным тэракту ў менскім метро. Пасля гэтага беларускі бок заявіў яго ў вышук праз «Інтэрпол».

belsat.eu

Стужка навінаў