Датэрмінова прагаласавалі ўжо больш як 17% выбарнікаў


Сёння апошні дзень датэрміновага галасавання на выбарах прэзідэнта Беларусі. Як паведаміў БелаПАНу сакратар Цэнтрвыбаркаму Мікалай Лазавік, за чатыры дні датэрміновага галасавання выбарчыя ўчасткі наведалі 1 224 157 грамадзянаў, або 17,4% ад агульнай колькасці выбарнікаў.

Найбольш актыўна працягваюць галасаваць у Віцебскай вобласці, дзе датэрмінова ўчасткі наведалі 25,9% выбарнікаў. У Берасцейскай вобласці прагаласавалі 14,4% грамадзянаў, у Гомельскай – 15,5%, у Гарадзенскай – 20,5%, у Менскай – 15,2%, у Магілёўскай – 19,9%, у Менску — 13,6%.

На участках, створаных за мяжою, прагаласавалі 21% выбарнікаў.

Такі вялікі адсотак грамадзянаў, якія прагаласавалі датэрмінова, выклікае падазрэнне ў жаданні маніпуляваць вынікамі выбараў, мяркуюць назіральнікі.

Паводле Сяргея Альфера, эксперта ў сферы выбарчага заканадаўства, практыка датэрміновага галасавання існуе ў большасці краінаў Еўропы. Аднак паказнік тых, хто галасуе датэрмінова, высокі толькі там, дзе можна галасаваць праз пошту, у тым ліку электронную. “Праз пошту датэрмінова прагаласаваць могуць і 10–20%, бо гэта зручна”, – растлумачыў эксперт.

У тых краінах, дзе выбарнікі мусяць наведаць участкі, датэрмінова галасуюць, як правіла, адзін-два, максімум пяць адсоткаў. “Калі паказнік тых, хто прагаласаваў датэрмінова, вышэйшы за пару працэнтаў, гэта ўжо выклікае пытанне”, – заўважыў Альфер.
На мінулых выбарах прэзідэнта Беларусі, у 2006 годзе, колькасць грамадзянаў, якія прагаласавалі датэрмінова, склала 31,3%.

belsat.eu

Стужка навінаў