Міхаіл Пашкевіч: Спадзяюся, сабраныя подпісы не «знікнуць»


Смалявіцкі райвыканкам (Менская вобласць) атрымаў заяву з патрабаваннем зарэгістраваць ініцыятыўную групу для правядзення мясцовага рэферэндуму.

“Ці згодныя вы з размяшчэннем на тэрыторыі Смалявіцкага раёну кітайска-беларускага індустрыйнага парку?” – такое пытанне актывісты жадаюць вынесці на народнае абмеркаванне. Пад заяваю падпісаліся 60 чалавек.

“Нашую заяву зарэгістравалі, – паведаміў актывіст кампаніі “Гавары праўду!” Міхаіл Пашкевіч. – Мы вельмі спадзяемся, што ўсе гэтыя подпісы не знікнуць, як знікаюць подпісы ў Менгарвыканкаме – з нагоды нашай ініцыятывы назваць вуліцу ці станцыю метро імем Васіля Быкава. Мы нават хочам правесці акцыю спецыяльна для ўсіх чыноўнікаў Менску і вобласці, каб навучыць іх цаніць сапраўдны кошт кожнага подпісу грамадзянаў. Яны чамусьці часта лічаць, што 60 подпісаў ці 30 тысяч подпісаў – гэта нейкая дробязь, якую можна проста выкінуць. Калі б яны ведалі, як гэтыя подпісы збіраюцца, як людзі часам баяцца іх ставіць, як шмат надзеі ў гэта ўкладаюць, – яны б сабе такога не дазвалялі”.

{movie}Міхаіл Пашкевіч: Спадзяюся, сабраныя подпісы не «знікнуць»|right|4433{/movie}

Цяпер, паводле заканадаўства, раённая ўлада мусіць цягам месяца прыняць пастанову адносна правядзення рэферэндуму.

Шмат каго з мясцовых жыхароў і менчукоў – уладальнікаў лецішчаў – турбуе тое, што ад такога маштабнага будаўніцтва, як індустрыйны парк, пацерпіць экалогія гэтых маляўнічых мясцінаў, размешчаных непадалёк сталіцы.

belsat.eu

Стужка навінаў