850 грамаў «мяў-мяў»: у Віцебску затрымалі наркагандляра, які прадаваў «рэдкі» наркотык


30 кастрычніка віцебскія міліцыянты перакрылі «канал пастаўкі наркатычных рэчываў з Расеі», паведамляе uvd.vitebsk.gov.by.

Аператыўнікі затрымалі 24-гадовага віцябляніна, які набыў праз расейскую інтэрнэт-краму мефедрон, і распаўсюджваў яго ў Віцебску і Віцебскім раёне.

Падчас ператрусу ў кватэры затрыманага знайшлі 851,6 мефедрону. Псіхатроп быў расфасаваны і гатовы для рэалізацыі.

«Мяў-мяў» – жаргонная назва мефедрону (ад анг. «4-MMCathinone» → «meow meow cat»).

Паводле віцебскіх праваахоўнікаў, мефедрон – вельмі рэдкі для Беларусі наркотык. У 2007-2009 гг. мефедрон быў легальны ў Расеі. У адкрытых крыніцах адзначаецца, што часцей за ўсё гэты наркотык вырабляюць у Кітаі.

Паводле Упраўлення па наркакантролю і супрацьдзеянню гандлю людзьмі ГУУС Менгарвыканкаму, у беларускай сталіцы часцей за ўсё спажываюць спайсы (45 %), гашыш (15 %), марыхуану (15 %), амфетамін (10 %), макавую саломку (8 %), опій (7 %).

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў