85-ы дзень пратэстаў. Паляванне на ўдзельнікаў Маршу супраць тэрору


Марш супраць тэрору ў Менску. 1 лістапада 2020 года.
Фота: ТК / belsat.eu

1 лістапада ў Беларусі прайшоў чарговы нядзельны марш, які ўжо традыцыйна паспрабавалі разагнаць сілавікі.

Акцыя атрымала назву «Марш супраць тэрору» і прайшла па маршруце акцыі памяці «Дзяды», якая штогод праходзіла ў гэты час ад Менскага гадзіннікавага заводу да ўрочышча Курапаты, дзе пахаваныя ахвяры сталінскіх рэпрэсіяў.

ВІДЭА
Марш супраць тэрору. Шэсце ў Курапаты. ХРОНІКА ДНЯ
2020.11.01 12:52

Гэты марш стаў першым з таго часу, як МУС Беларусі і ГУУС Менгарвыканкаму ўзначалілі Іван Кубракоў і Міхаіл Грыб адпаведна.

Традыцыйна быў адключаны мабільны інтэрнэт і закрытыя станцыі метро па маршруце акцыі.

Марш супраць тэрору ў Менску. 1 лістапада 2020 года.
Фота: ТК / belsat.eu

Дзясяткі тысяч людзей спрабавалі прайсці маршам, але сілавікі ўвесь час разбівалі калоны. Дэманстрантаў разганялі і абстрэльвалі ля метро «Маскоўская», на вуліцах Кедышкі, Каліноўскага, Валгаградскай, Лагойскім тракце, на падыходзе да Курапат.

Марш супраць тэрору ў Менску. 1 лістапада 2020 года.
Фота: ТК / belsat.eu

У выніку адзіная вялікая калона так і не здолела ўтварыцца. Супраць дэманстрантаў ужывалі светла-шумавыя гранаты, слезацечны газ, стралялі па іх гумавымі кулямі. Ёсць параненыя.



Тым не менш, асобныя калоны здолелі ўсё ж дайсці да ўрочышча. На полі перад ім сілавікі на мікрааўтобусах зладзілі сапраўднае паляванне на дэманстрантаў.

На акцыі праявілася і мужнасць удзельнікаў маршу, якія працягвалі ісці, нягледзячы на стрэлы.

Або наўпрост ішлі безабаронныя на сілавікоў са зброяй.

Нягледзячы на ўсе перашкоды, некалькі тысяч беларусаў усё ж прайшлі ў Курапаты, дзе ўшанавалі памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў.

Марш супраць тэрору ў Менску. 1 лістапада 2020 года.
Фота: ТК / belsat.eu

Правакацыя для дзяржТБ?

На Лагойскім тракце невядомыя кінулі выбуховую прыладу перад прадстаўнікамі дзейных уладаў, але тыя нікога не затрымлівалі. Замест гэтага з’явіліся дзяржаўныя журналісты, якія зрабілі з гэтага адпаведны сюжэт.

У вечаровым эфіры СТБ прапагандыст Грыгорый Азаронак заявіў, што падчас Марша ў Курапаты ў міліцыянтаў кінулі выбуховую прыладу. Здарэнне адбылося акурат перад камерай аператара СТБ. Аператар пачаў здымаць месца выбуху яшчэ да выбуху. А камера відэаназірання на суседнім будынку зняла, як петарда скача па зямлі роўна з таго боку, дзе знаходзяцца аператар і Грыгорый Азаронак.

Не толькі Менск і не толькі марш

Таксама вядома пра больш дробныя акцыі ў розных населеных пунктах Беларусі. Там таксама адбываліся затрыманні. Напрыклад, шэсць чалавек затрымалі ў аграгарадку Жодзішкі Смаргонскага раёну.

А ў Слуцку затрымалі двух лекараў мясцовай больніцы, якія выйшлі на пікет насупраць райвыканкаму. У Берасці людзі хадзілі з кветкамі па цэнтральных вуліцах і гэтак далей.

Працягваецца і забастовачны рух. Гэтак, да стачкі далучыліся працаўнікі Беларускага металургічнага заводу Дзмітрый Альховік і машыніст электрацягніка Беларускай чыгункі Дзмітрый Каленік.

Марш супраць тэрору ў Менску. 1 лістапада 2020 года.
Фота: ТК / belsat.eu

На момант публікацыі артыкула вядома пра 258 затрыманых па ўсёй краіне. Сярод іх ёсць журналісты, двох з якіх – Змітра Солтана ды Дзмітрыя Дзмітрыева моцна збілі.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў