Праваахоўнікі правяраюць «Белсат»


Пракуратура праводзіць праверку дзейнасці тэлеканалу “Белсат” у Беларусі. Паводле неафіцыйных крыніцаў, гэтая праверка мае скончыцца праз месяц.

Інфармацыя пра чарговую хвалю цікаўнасці праваахоўных органаў да працы нашага тэлеканалу стала вядомая пасля затрымання незалежнага тэлеаператара Алеся Любенчука.

Меркаваную праверку працы журналістаў службе інфармацыі “Белсат” пракаментаваў прадстаўнік тэлеканалу ў Беларусі Міхась Янчук:

“Следчы камітэт даручыў, паводле нашых звестак, правядзенне праверкі міліцыі. У нашай краіне ўсё магчыма, але галоўнае пытанне: “Навошта?”. У найбліжэйшы час мы збіраліся падаваць дакументы на акрэдытацыю каналу. Цалкам імаверна, што ўжо загадзя ідзе пошук фармальных падставаў для адмовы. Ёсць некалькі чалавек, якія гэта ведалі ў Варшаве, і, магчыма, інфармацыя прасачылася”.

“Белсат” двойчы падаваў дакументы на акрэдытацыю ў Беларусі – тры і два гады таму. Першая адмова была з фармулёўкаю “Пададзеныя дакументы не адпавядаюць заканадаўству”. Хоць, як распавядае спадар Янчук, змены ў парадак акрэдытацыі былі ўнесеныя праз два дні пасля падачы дакументаў. Другі раз адмовілі ў сувязі з тым, што ёсць шматлікія парушэнні ў дзейнасці журналістаў каналу, якія выявіла менавіта пракуратура. Размова ішла пра працу без акрэдытацыі.

Міхась Янчук ацэньвае магчымыя наступствы пракурорскай праверкі: “На шчасце, нам пагражае толькі адміністратыўная адказнасць, абвінавачанні ў працы на замежны сродак масавай інфармацыі без акрэдытацыі. Прынамсі, артыкул “Самаўпраўства” ўжываўся толькі аднойчы, калі суд пастанавіў, што Дзянісаў незаконна назваўся журналістам”.

Спадарожнікавае тэлебачанне “Белсат” – гэта першы незалежны тэлеканал у Беларусі. Ён вяшчае з 10 снежня 2007 г. Канал быў створаны як структурная адзінка Польскага тэлебачання, дзе і месціцца афіцыйная рэдакцыя “Белсату”. На тэрыторыі Беларусі канал не мае афіцыйнага статусу, і ягоная праца абапіраецца на фрылансераў.

belsat.eu

Стужка навінаў