Бунт працаўнікоў «Атлантыку»: фотарэпартаж


Прадпрымальнікі гандлёвага цэнтру пратэстуюць супраць росту арэнды. Сёння адбыліся перамовы з адміністрацыяй ГЦ “Атлантык”. Бакі вырашылі, што ў панядзелак прадпрымальнікі пісьмова прадставяць дырэктару свае прапановы па арэнднай плаце. Далей перамовы працягнуцца.

Пасля апошняга павышэння арэнднай платы за карыстанне гандлёваю плошчаю менскага ГЦ «Атлантык» прадпрымальнікі мусяць плаціць па $ 400–500. Абураныя штомесячным ростам выдаткаў, бізнесоўцы зладзілі сустрэчу, якая ледзь не перарасла ў мітынг. Дырэктар «Атлантыку» спыніў бунт, запрасіўшы прадстаўнікоў прадпрымальнікаў на перамовы ў свой кабінет.

Аб 11:30 на пляцоўцы перад шэрагамі ГЦ «Атлантык» сабраліся каля 20 бізнесоўцаў. У руках яны трымалі дадатковыя дамовы на арэнду гандлёвых плошчаў. Паводле гэтых дамоваў, арэнда дасягнула $ 400–500 у залежнасці ад плошчы памяшкання. З пачатку года кошт арэнды ўзняўся амаль у чатыры разы. Прычым адміністрацыя прапаноўвала прадпрымальнікам падпісваць новыя дамовы амаль штомесяц.

Адміністратарка тлумачыць прадпрымальніцы Таццяне, што рост арэнды абумоўлены ўказам прэзідэнта № 150, згодна з якім кошты арэнды адпускаюцца ў вольнае рынкавае плаванне. «Да жніўня мы нічога падымаць больш не будзем», – спрабуе суцешыць бізнесоўцаў адміністратарка, імя якой яны яшчэ не паспелі вывучыць. Пасля вызвалення з турмы ўласнік фірмы, што валодае «Атлантыкам», змяніў усё кіраўніцтва, акрамя дырэктара.

Дырэктар даводзіць, што рост арэнды – гарадская тэндэнцыя, і калі кагосьці гэта не задавальняе, то можна проста скасаваць дамову і змяніць месца працы.

Бухгалтар тлумачыць рост арэнды вялікімі выдаткамі ўласніка. «Кіраўніцтва не атрымлівае прэміяў і прыбытку. У фірмы запазычанасць $ 1,5 млн, усім цяжка. Але што параіце рабіць?» – пытае бухгалтар.

З прыходам кіраўніка прадпрымальніцкай арганізацыі «Перспектыва» Анатоля Шумчанкі дырэктар ГЦ «Атлантык» прапаноўвае скончыць публічную спрэчку і працягнуць перамовы ў ягоным кабінеце. Прадпрымальнікі выбіраюць трох прадстаўнікоў. Яны з Шумчанкам ідуць да адміністрацыі.

belsat.eu

Стужка навінаў