Кандыдат на прэзідэнта Рыгор Кастусёў спадзяецца на перамогу дэмакратычных сіл у выніку мірнай акцыі пратэсту.
Рыгор Кастусёў упэўнены, што пры адсутнасці фальсіфікацый на прэзідэнцкіх выбарах ён змог бы набраць прыкладна 30% галасоў выбаршчыкаў. Пра гэта кандыдат у прэзідэнты заявіў журналістам 19 снежня пасля галасавання на выбарчым участку № 5 у Партызанскім раёне Мінска.
Паводле слоў Кастусёва, ён галасаваў за незалежную Беларусь, будучыню краіны і беларускага народа. Палітык адзначыў цікавасць, якую праяўляюць грамадзяне да Партыі БНФ і да яго асабіста, а таксама мноства пытанняў на апошняй яго сустрэчы з выбаршчыкамі, што адбылася вечарам 18 снежня ў Гомелі. “Я праехаў больш як 50 гарадоў краіны і лічу, што мая агітацыйная кампанія прайшла вельмі паспяхова, бо я поўнасцю выканаў рашэнне нашага штаба”, — заявіў Кастусёў.
Ён мяркуе, што ўладам “хопіць розуму не правакаваць і не прымяняць сілу” супраць удзельнікаў мірнай акцыі пратэсту, якая запланавана вечарам 19 снежня на Кастрычніцкай плошчы сталіцы.
belsat.eu