Беларусь – апошні кат у Еўропе


Гэтак нашая краіна выглядае ў справаздачы праваабарончай арганізацыі “Amnesty International” пра сітуацыю з правамі чалавека ў свеце за 2011 г.

Пагаршэнне эканамічнага стану, рост напружанасці ў грамадстве і, як наступства, – яшчэ большае абмежаванне свабоды ўладамі краіны… Беларусь – апошні кат у Еўропе, канстатавала праваабарончая арганізацыя “Amnesty International” у справаздачы пра сітуацыю з правамі чалавека ў свеце за 2011 г.

Станоўчых момантаў, звязаных з Беларуссю, у высновах “Міжнароднай амністыі” шукаць не выпадае. Парушалася права на справядлівы суд. Вязні сумлення заставаліся за кратамі, дзе іх катавалі. Іхных адвакатаў – пазбаўлялі ліцэнзіі. Карная сістэма працягвала выконваць смяротныя прысуды. Абмежаванні, накладзеныя летась на свабоду слова, аб’яднанняў і сходаў, зрабіліся яшчэ больш жорсткія, адзначаецца ў справаздачы праваабаронцаў.

Былы палітвязень Уладзімір Кобец, як і некаторыя іншыя ўдзельнікі паслявыбарчых пратэстаў 2010 г., быў вымушаны пакінуць Беларусь.

“На гэты час я, на жаль, не бачу падставаў казаць, што можна спакойна вяртацца і не баяцца арышту. На жаль, у нас у Беларусі апошнім часам стала вельмі папулярная такая фраза: “Вы ж самі разумееце”. У нас людзі або “не разумеюць”, або “разумеюць” – і тады робяць тое, што ёсць шкодным або крымінальным, але робяць гэта, баючыся страціць працу ці вучобу”, – кажа Кобец.

Разам з гэтым, як вынікае з нашых апытанняў простых беларусаў, шмат хто кажа, што пачуваецца вольным і не бачыць праблемаў у сённяшнім стане рэчаў. Відавочна, што сутыкаючыся з абмежаваннем доступу да незалежных медыяў, людзі часта не імкнуцца да альтэрнатыўнага меркавання і намагаюцца бачыць пазітыўнае ў тым, што ёсць.

belsat.eu

Стужка навінаў