Букмекеры ставяць і на перамогу, і на паразу «Litesound»


Беларускі гурт «Litesound» выступае сёння ў другім паўфінале конкурсу «Еўрабачанне». Ці выйдзе ён у фінал, вырашае галасаванне тэлегледачоў. Аднак беларусы ўжо цяпер галасуюць рублём за і супраць сваіх. На таталізатарах шанцы беларускага гурта на перамогу і паразу ацэньваюцца як амаль аднолькавыя.

Служба інфармацыі «Белсату» параўнала, як ацэньваюць шанцы на перамогу гурта «Litesound» на айчынным і расейскім таталізатарах. Нашыя суайчыннікі робяць стаўкі як на выхад, так і на нявыхад Беларусі ў фінал. Паводле сукупных прагнозаў аптымістаў і песімістаў, мы зоймем апошнія месцы ў другой дзясятцы паўфіналістаў. Каэфіцыенты паказваюць, што ставак на пазітыўны вынік трошкі болей, чымся на негатыўны: 1,77 супраць 1,93. Чым ніжэйшыя гэтыя лічбы – тым большая колькасць людзей паставіла свае грошы.

Што да букмекерскай канторы з Масквы, то там таксама бачаць нас у фінале, хаця і не запісваюць у пераможцы. Таталізатар прарочыць нам у паўфінале 7-е месца.

Музыка Павел Аракелян скептычна ставіцца да перамогі «Litesound» на Еўрабачанні. Ён прызнаўся «Белсату», што калі б і рабіў стаўку, то на негатыўны вынік. «Ніякіх шанцаў на перамогу я даць не магу. «Еўрабачанне» – гэта палітычны конкурс, і калі будзе палітычная падстава, то яны могуць штосьці заняць. Але з музычнага боку яны ўяўляюць з сябе нешта стандартнае, і гэтым зацікавіць еўрапейскага гледача немагчыма. Яны ўсё гэта чулі гадоў 20 таму. Можна было б спадзявацца на шоу, але яно ў нас зробленае на мясцовым узроўні», – кажа музыка.

На думку артыста, мы маглі б мець усе шанцы на перамогу, калі б на конкурс адправілі нейкую аўтэнтычную групу, да прыкладу, «Троіцу».

belsat.eu

Стужка навінаў