Віктар Івашкевіч: Заробак Цыбліенкі не залежыць ад санкцыяў


Сябра аргкамітэту партыі “Беларускі рух” Віктар Івашкевіч мае кампенсаваць маральную шкоду за апублікаваны ў інтэрнэце зварот да Еўразвязу – “байкатаваць беларускія нафтапрадукты, пакуль улады не вызваляць усіх палітзняволеных”. Пазоў супраць апазіцыянера падала працоўная Мазырскага нафтаперапрацоўчага заводу – Марына Цыбліенка.

Палітвязні – галоўная падстава для ўвядзення Еўропаю і ЗША санкцыяў супраць афіцыйнага Менску. Пра гэта пазоўніца Марына Цыбліенка і ейная група падтрымання даведаліся толькі сёння – падчас працэсу ў судзе Савецкага раёну сталіцы. Прычынамі эканамічных абмежаванняў аператарка найбуйнейшага беларускага НПЗ не цікавілася, ёю кіраваў страх страціць частку прыбытку ці нават працу ў выпадку, калі захады ўжывуць і супраць ейнага працадаўцы.

Сёння ж суддзя не змагла сфармуляваць, якое канкрэтна зняпраўджанне і дзе трэба будзе змясціць Івашкевічу. У судзе высветлілася, што пазоўніца баялася наступстваў санкцыяў, бо летась працаўнікі пацярпелі з-за дэвальвацыі. Тады кіраўніцтва прадпрыемства скасавала з імі калектыўную дамову, абапіраючыся на якую прасцей бараніць свае правы. На пытанне, чаму ж тады працаўнікі не судзіліся з наймальнікам, яны адказалі, што ва ўсім быў вінаваты крызіс.

Віктар Івашкевіч лічыць, што санкцыі найперш ударылі б па кішэнях высокіх чыноўнікаў, якія робяць бізнес на нафтагандлі, а не па дабрабыце простых людзей. “А працоўным усё адно даюць той мінімум, на які яны пагаджаюцца. Іх заробак мала залежыць ад тых прыбыткаў, якія атрымлівае ўлада. Сёлета ўдвая павысіліся прыбыткі ад гандлю нафтаю, але ж заробкі не выраслі ў два разы”.

belsat.eu

Стужка навінаў