Апошні рэпартаж пра Кавалёва і Канавалава


Польскае тэлебачанне TVN зняло стужку пра беларускае следства, суд і смяротны прысуд Уладзіславу Кавалёву і Дзмітрыю Канавалаву, пакараным смерцю паводле абвінавачання ў здзяйсненні тэракту ў менскім метро 11 красавіка 2010 г.

Рэпартаж «За што караюць смерцю ў Беларусі» польскі глядач пабачыў дзякуючы працы журналістак Монікі Гуралеўскай і Вольгі Чарных. Апошняя падказала калегам ідэю гэтага рэпартажу і зрабіла тытры на расейскай мове.

«Мы былі абмежаваныя ў эфірным часе, таму сабралі разам толькі тыя факты, што змаглі пабачыць і даказаць. Да, прыкладу, словы Пачыцкай у судзе, што 12 красавіка ніхто з кватэры не выходзіў. Або каментар польскага спецыяліста ў пытанні выбухаў, які сумняецца, што Канавалаў мае дачыненне да вырабу выбухоўкі», – расказвае Вольга Чарных.

Суаўтарка фільму – беларуская палітычная імігрантка, якая цяпер жыве і працуе ў Кракаве. Службе інфармацыі «Белсату» яна распавяла, як ішла праца над фільмам пра гэтую небяспечную гісторыю:

«Я на ўласнай шкуры ведаю, што такое беларускае правасуддзе, і з першага дня сачыла за працэсам. А калі ў выніку відавочных фальсіфікацыяў хлопцаў прысудзілі да смерці, мне зрабілася вельмі страшна, і я вырашыла развіць гэтую тэму ў Польшчы, – кажа Вольга Чарных. – Журналістка Моніка Гуралеўска не змагла застацца абыякавай і ўзялася за справу. Больш за ўсё палякаў зачапіў беларускі абсурд, што маці абвінавачанага жыве ў доме ахвяры».

Частку здымкаў польская група рэпарцёраў рабіла ў Беларусі. Журналісты сутыкнуліся з нездаровай закрытасцю інфармацыі.

«Праца ішла вельмі марудна, бо матэрыял пра суд даводзілася збіраць па кавалках ад розных людзей. Улада, агаляючы сваю сувязь са злачынствам, усе магчымыя матэрыялы хавала ў таямніцы. І давала інфармацыю толькі правераным журналістам, напрыклад, працаўнікам дзяржаўнай прапаганды БТ. Вынікам іх супрацы стаўся ілжывы, абсалютна некарэктны рэпартаж «Метро», аўтары якога нават збаяліся назвацца», – расказвае Вольга Чарных.

Як стала вядома «Белсату», Моніка Гуралеўска рыхтуе паўнавартасны дакументальны фільм пра гэтую тэрарыстычную гісторыю.

belsat.eu

Стужка навінаў