Галіцкая: Міліцыя адчувае беспакаранасць


«Малады фронт» абвесціў кампанію салідарнасці з арыштаванымі актывістамі арганізацыі: Раманам Васільевым, Мікалаем Дземідзенкам, Дзмітрыем Крамянецкім, Уладзімірам Яроменкам і Паўлам Сяргеем, прысуджанымі да арыштаў паводле артыкулу 17.1 КоАП («Дробнае хуліганства»), якія цяпер адбываюць пакаранне ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на вул. Акрэсціна.

Паводле актывісткі Касі Галіцкай, ціск на МФ узмацніўся з нагоды актывізацыі дзейнасці арганізацыі.

«Увесь час затрымліваюць адных і тых жа людзей, хлопцы ледзь паспяваюць выходзіць з «сутак». Раней міліцыянты прынамсі трохі саромеліся і збівалі актывістаў у РАУСах, цяпер яны збіваюць іх нават пры людзях, карыстаючыся тым, што ніхто з нашых памяркоўных грамадзянаў не хоча выступаць пасля сведкамі ў судзе. Магчыма, што рыхтуюць глебу да чарговай крымінальнай справы супраць «Маладога фронту» і правяраюць, наколькі грамадства будзе салідарнае з нашымі актывістамі», – кажа дзяўчына.

У межах кампаніі салідарнасці плануецца звярнуцца ўва ўсе магчымыя міжнародныя структуры ды інстытуты, патрабаваць ад міжнароднай праваабарончай арганізацыі «Amnesty International» прызнаць маладафронтаўцаў, прысуджаных да адміністратыўных арыштаў, вязнямі сумлення.

Акрамя гэтага, «Малады фронт» мае намер звярнуцца да сваіх партнёраў па моладзевым руху з краінаў Еўропы з заклікам данесці праблему сваіх урадаў, а таксама інфармаваць дыпламатычныя місіі на тэрыторыі Беларусі аб сітуацыі, каб яны перадалі інфармацыю ў МЗС сваіх краінаў.

belsat.eu

Стужка навінаў