Збіты актывіст «Еўрапейскай Беларусі» – у шпіталі хуткай дапамогі


У Андрэя Молчана – пералом сківіцы і чэрапна-мазгавая траўма. Магчыма, пашкоджаны хрыбетнік. 19 траўня яго збілі міліцыянты.

Пра папярэдні дыягназ паведаміў прадстаўнік “Еўрапейскай Беларусі” Максім Вінярскі. Ён сказаў, што калі дыягназ паставяць канчаткова, будзе вырашацца пытанне аб звароце ў міліцыю ў сувязі са збіццём.

Міліцыянты затрымалі Андрэя Молчана каля ўніверсаму “Першамайскі” ў Менску. На знак салідарнасці са зняволеным віцебскім апазіцыянерам Сяргеем Каваленкам ён разгарнуў бел-чырвона-белы сцяг. “Праз некалькі хвілінаў да яго пад’ехаў аўтамабіль з працаўнікамі міліцыі. Молчан паспрабаваў удакладніць, на якой падставе яго затрымліваюць, пасля чаго міліцыянты ўжылі грубую сілу. Пакуль яго збівалі проста на вуліцы, пад’ехаў другі аўтамабіль. Молчана пасадзілі ў аўта, надзеўшы кайданкі”, – напісала прэс-служба кампаніі “Еўрапейская Беларусь”.

У аддзяленні міліцыі паведамілі, што ў дачыненні Молчана збіраюцца распачынаць крымінальную справу паводле артыкулаў за знявагу прэзідэнта і збіванне працаўніка міліцыі пры выкананні. Сястры Андрэя ўдалося пагаварыць з ім, пасля чаго высветлілася, што яго збівалі і пасля затрымання, ужо ў аўце.

Прэс-сакратар ГУУС Менгарвыканкаму Аляксандр Ластоўскі заявіў, што не можа пракаментаваць сітуацыі, паколькі не валодае інфармацыяй аб здарэнні.

belsat.eu

Стужка навінаў