Адзін народ, адзін прэзідэнт, адна газета!


Днямі міністр інфармацыі Алег Праляскоўскі паскардзіўся, што дзяржаўным газетам цяпер складаней знайсці свайго чытача. А дзяржаўныя тэлеканалы сутыкнуліся з нястачай ахвотных агучваць правільную інфармацыю. Міністэрства інфармацыі мае свой варыянт развязання гэтай праблемы.

Віцэ-прэм’ер Анатоль Тозік падкінуў Міністэрству інфармацыі ідэю аб’яднаць буйныя дзяржаўныя выданні. На базе «СБ – Беларусь сегодня», «Республики», «Народной газеты» і «Белорусской нивы» створаць выдавецкі дом, кампетэнцыяй якога будзе грамадска-палітычная тэматыка. Культуралагічнаю ж зоймецца другі медыя-холдынг, створаны на аснове беларускамоўнай «Звязды» ды газетаў і часопісаў, што ўваходзяць у рэдакцыйна-выдавецкую ўстанову «Літаратура і мастацтва».

«Белсат» звярнуўся па каментар да журналістаў і рэдактараў папулярных незалежных газетаў – як яны ацэньваюць гэткія захады Міністэрства інфармацыі.

Журналіст «Нашай Нівы» Зміцер Панкавец такую ідэю нават падтрымлівае: «Гэта абсалютны нонсенс, што ў нас у краіне існуе пяць буйных дзяржаўных газетаў, якія пішуць абсалютна пра аднолькавыя тэмы. І іх тэматыка мала чым адрозніваецца, як, у прынцыпе, і тэматыка тэлеканалаў. Ударыў крызіс, грошай на ўсё не хапае, відаць, вырашылі зрабіць больш прыстойныя заробкі пры меншай колькасці журналістаў. Магчыма, зразумелі, што такая колькасць прапагандыстаў проста не патрэбная».

А галоўны рэдактар газеты «Товарищ» Сяргей Вазняк наракае на прафесійны ўзровень журналістаў дзяржаўных медыяў: «Яны проста не выконваюць тых функцыяў, якія на іх ускладае дзяржаўная прапаганда. Робяць гэта няякасна. Прафесійныя журналісты, я думаю, адтуль сыходзяць, бо займацца журналістыкай у дзяржаўнай газеце немагчыма, толькі прапагандай, а творчы чалавек не мусіць гэтым займацца. Яму гэта мае быць брыдка. Правільна – хай ашчаджаюць грошы, ну, будуць цяпер у адну газету выкідаць, але гэта лепей, чымся ў пяць».

Рэдактар інтэрнэт-газеты «Салідарнасць» Аляксандр Старыкевіч прагназуе рост уплыву «Савецкай Беларусі»: «Зараз будзе засяроджаная ўвага зусім на «Савецкай Беларусі», а астатнія – хтосьці ўбудуецца ў новы механізм, а хтосьці пойдзе шукаць новую працу».

Сыходзяць журналісты і з тэлеканалаў. Напрыканцы мінулага года кіраўнік Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька скардзіўся, што стала цяжэй знайсці ахвотных працаваць на БТ. А з ОНТ сыходзяць чарговыя вядоўцы. Нядаўна з экранаў зніклі Кацярына Сычэўская і Вольга Палякова, якія агучвалі афіцыйную інфармацыю ў галоўных выданнях навінаў.

Незалежныя журналісты шчыра раяць калегам з дзяржаўных медыяў задумацца над сваёй дзейнасцю і працаваць у якасці журналістаў, а не прапагандыстаў.

belsat.eu

Стужка навінаў