Сяргей Каваленка этапаваны... невядома куды


Пра гэта паведаміла жонка віцебскага актывіста.

“Учора я прыходзіла і спрабавала дамагчыся спаткання. Спаткання не далі, сказаўшы, што нібыта не прыйшлі нейкія дакументы. Хоць паводле закону нам спатканне належыць даць. Сёння я прыйшла, а мне кажуць: яго тут ужо няма”, – распавяла Алена. У якую калонію адправілі Каваленку, ёй не паведамілі.

Жанчына адзначыла, што, калі падыходзіла да СІЗА, адтуль выязджала чатыры машыны, якімі звычайна адпраўляюць зняволеных на этап. “Магчыма, Сяргей быў у адной з іх, – выказала здагадку яна. – У панядзелак адвакат будзе высвятляць, куды яго павезлі”.

Актывіста Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Сяргея Каваленку затрымалі 19 снежня 2011 года паводле абвінавачання ва ўхіленні ад адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі (арт. 415 КК). Гаворка ідзе аб пакаранні, вынесеным Каваленку ў траўні 2010 года за вывешванне бел-чырвона-белага сцяга на галоўнай навагодняй яліне Віцебску. Сёлета ў лютым Каваленку асудзілі на два гады і адзін месяц пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Адразу пасля затрымання Каваленка абвесціў галадоўку пратэсту, якая доўжылася з невялікімі перапынкамі каля двух месяцаў. У пачатку красавіка апазіцыянера пачалі прымусова карміць.

10 красавіка Віцебскі абласны суд, распачаўшы разгляд касацыйнай скаргі Каваленкі, прыняў рашэнне накіраваць яго на комплексную псіхіятрычную экспертызу ў Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр псіхічнага здароўя “Навінкі”.

13 красавіка, ужо ў “Навінках”, апазіцыянер галадоўку спыніў. Экспертыза доўжылася амаль месяц і прызнала Сяргея Каваленку псіхічна здаровым, пасля чаго яго адправілі назад, у віцебскі следчы ізалятар № 2. 8 траўня ў Віцебску асуджаны аднавіў галадоўку пратэсту.

18 траўня Віцебскі абласны суд адмовіўся задаволіць касацыйную скаргу Сяргея Каваленкі на прысуд.

Варта адзначыць, што 30 траўня ў судзе Кастрычніцкага раёну Віцебску маюць судзіць і Алену Каваленку. Яе абвінавачваюць у дробным хуліганстве. Віна жанчыны ў тым, што 18 траўня, у дзень разгляду касацыйнай скаргі свайго мужа, яна разам з ягоным стрыечным братам і актывісткаю грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь” напісала на асфальце перад будынкам абласнога суда “Свабоду Сяргею Каваленку!”. Усіх траіх затрымалі і даставілі ў суд, аднак паседжанне перанеслі ў сувязі з рашэннем суддзі дапытаць працаўнікаў міліцыі, якія затрымлівалі абвінавачаных.

belsat.eu

Стужка навінаў