Аляксандр Класкоўскі: “Кропля камень точыць” – галоўная стратэгія


Кансалідацыя ўнутры краіны? З’яднанне вакол “пераходнага ўраду” ў выгнанні? Палітолаг Аляксандр Класкоўскі аналізуе магчымыя шляхі барацьбы беларускай апазіцыі.

Паводле палітолага Аляксандра Класкоўскага, цяпер беларуская апазіцыя перажывае ледзь не самыя горшыя часы – перадусім з-за хвалі рэпрэсіяў, што прайшлася па шэрагах апанентаў Лукашэнкі пасля прэзідэнцкіх выбараў. Другі чыннік – “хранічная раз’яднасць” апазіцыі. “Перад парламенцкімі выбарамі мы бачым тую ж сітуацыю, што была і перад прэзідэнцкімі, і раней: хто ў лес, хто па дровы”.

Палітолаг падкрэслівае, што цяпер беларуская апазіцыя мусіць змагацца за свядомасць беларусаў. “Магчыма, на сёння няма апрыёры пераможнай цудадзейнай стратэгіі, – гаворыць Аляксандр Класкоўскі. – Цудаў не бывае. Мусіць быць з’яднанасць, выразнасць думкі, кірунак. А далей хай працуе прынцып “рабі, што належыць, і няхай будзе, што будзе”. “Кропля камень точыць” – вось гэта галоўная стратэгія. Меней займацца выкрываннем ворагаў, меней ляпіць адзін аднаму на лоб гэтыя ярлыкі, “агент КДБ”, – гэта перарасло ў татальную параною, а займацца рэальнаю, няўдзячнай, але вельмі патрэбнаю працай, якая паступова робіць зрухі ў масавай свядомасці беларусаў”.

Палітолаг падкрэслівае, што цяпер змянілася свядомасць нават тых беларусаў, што лічыліся сталым электаратам Лукашэнкі. “Веры няма, ёсць пераважна толькі страх у грамадстве”, – дадаў Класкоўскі.

Аляксандр Класкоўскі скептычна ставіцца да ініцыятывы арганізоўвання “пераходнага ўраду” за мяжою. Палітолаг падкрэслівае, што ў цяперашніх умовах цэнтр апазіцыі мусіць быць унутры краіны. “Тут ніколі не будзе “лівійскага сцэнара” – гэты рэжым абрынецца толькі тады, калі адбудуцца тэктанічныя зрухі ў самім беларускім грамадстве – іншага шляху няма. І гэтая праца павінна рабіцца тут, унутры краіны”, – падкрэсліў Аляксандр Класкоўскі.

belsat.eu

Стужка навінаў