Непублікаваныя Коласавы лісты


Дом Коласа на адну гадзіну паказаў наведнікам унікальныя дакументы з прыватнага ліставання песняра.

18–19 траўня ў Беларусі праходзіць традыцыйная “Ноч музеяў”. Разнастайную праграму падрыхтаваў гэтымі днямі для наведнікаў і сталічны музей Якуба Коласа. Адным з самых цікавых аказаўся праект “Выстава на адну гадзіну”. Музей упершыню адкрыў для публічнага азнаямлення некалькі ўнікальных прыватных лістоў Коласа да ягонай знаёмай, Аляксандры Кетлер, а таксама вершы-прысвячэнні песняра гэтай жанчыне; дагэтуль лісты ніколі не публікаваліся.

– Кожны раз у “музейную ноч” мы імкнемся паказаць тыя экспанаты, якія нельга ўбачыць у музеі ў звычайны час і якія нідзе не экспануюцца, – расказала дырэктарка Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музею Якуба Коласа Зінаіда Камароўская. – Сёлета цягам адной гадзіны мы паказваем наведнікам некалькі лістоў Якуба Коласа да яго знаёмай Аляксандры Кетлер і вершы, прысвечаныя ёй. Лісты цікавыя тым, што гэта, можна сказаць, дзённік жыцця Якуба Коласа, там вельмі цікавы аўтограф песняра. У нас у фондах захоўваецца звыш 250 лістоў Коласа з 1946 да 1956 года, да дня ягонай смерці. Але мы яшчэ не маем права іх абнародаваць – такая была дамоўленасць з родзічамі Аляксандры Кетлер і з ёю самою, пакуль яна была жывая. Да сярэдзіны 2013 года гэтая перапіска друкавацца не будзе.

belsat.eu

Стужка навінаў