Венцлава: Беларусь магла б стаць мостам паміж Захадам і Усходам


Беларусь на ростанях – Захад ці Усход? Пытанне пра беларускі шлях набывае ўсё большую актуальнасць у кантэксце палітычнай сітуацыі ў Расеі ды ўзмацнення залежнасці ад яе нашае краіны. Большасць палітолагаў згаджаюцца, што палітыка абранага чарговы раз прэзідэнта Расеі будзе скіраваная на постсавецкія краіны, а не на Захад. А сёння Аляксандр Лукашэнка паабяцаў, што ніколі не адмяжуецца ад Расеі.

Паводле прафесара і савецкага дысідэнта Томаса Венцлавы, замест таго, каб балансаваць паміж Захадам і Усходам, Беларусь магла б стаць своеасаблівым мостам паміж імі.

“Але гісторыя паказвае, што з даўніх часоў, яшчэ на пачатку стварэння беларускай дзяржавы, большы ўплыў мела заходняя цывілізацыя. І гэта прынесла Беларусі вялікую карысць. І цяпер было б разумней арыентавацца перадусім на Захад, як на больш квітнеючую і на больш прадуктыўную частку еўрапейскага кантыненту”, – кажа прафесар Венцлава.

Томас Венцлава ўпэўнены: нягледзячы на большую незалежнасць Беларусі, чымся ў савецкія часы, сённяшняя сітуацыя ўсё роўна пакідае нагоды да хвалявання. Праблемы з дэмакратыяй і правамі чалавека могуць штурхнуць краіну ў абдымкі Расеі.

“Трэба супраціўляцца – але ж, вядома, мірнымі захадамі. Гісторыя паказвае, што яны даюць плён”, – мяркуе прафесар.

belsat.eu

Стужка навінаў