Лукашэнка сабраўся ў Рыў-ды-Жанэйру


У чэрвені на канферэнцыі ААН ён плануе абмеркаваць з лідарамі іншых краінаў “зялёную” эканоміку.

Пра тое, што Аляксандр Лукашэнка будзе прэзентаваць Беларусь на канферэнцыі ААН ва ўстойлівым развіцці “РЫЎ +20”, паведаміў 18 траўня ў Менску першы намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Віталь Кулік. Ён прысутнічаў на круглым стале, дзе абмяркоўвалі праект нацыянальнага паведамлення на тэму “Устойлівае развіццё Рэспублікі Беларусь на прынцыпах “зялёнай” эканомікі”.

Чыноўнік распавёў, што ў Рыў-ды-Жанэйру прыедуць кіраўнікі дзяржаваў і ўрадаў, каб абмеркаваць рух да ўстойлівага развіцця і замацаваць курс на “зялёную”эканоміку. Паводле яго, у Беларусі створаная ўрадавая камісія з прадстаўнікоў дзяржаўных органаў, грамадскіх арганізацыяў і аб’яднанняў.

“Мы рыхтуем нацыянальнае паведамленне на гэтую канферэнцыю, напрацоўваем банк дзеянняў краіны дзеля ўкаранення энергазберагальных тэхналогіяў, тэхналогіяў рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў. Гэтая праца скіраваная на беражлівае стаўленне да навакольнага асяроддзя, рацыянальнае стаўленне да рэсурсаў. У першую чаргу, гэта адносіцца да органаў дзяржкіравання, якія адказваюць за энергетыку, прамысловасць, іншыя сферы дзейнасці, якія аказваюць асноўную антрапагенную нагрузку ў нашай краіне”, – растлумачыў Віталь Кулік.

Нацыянальнае паведамленне Беларусі распрацоўваецца пры фінансавым падтрыманні Праграмы развіцця ААН групаю экспертаў Дзяржаўнага навукова-даследчага эканамічнага інстытуту Міністэрства эканомікі.

belsat.eu

Стужка навінаў