Пракуратура не хоча шукаць выкрадальнікаў пашпарту Волчака


Пракурор Цэнтральнага раёну Менску адмовіў Алегу Волчаку ў адкрыцці крымінальнай справы па факце крадзяжу пашпарту. Праваабаронца і былы следчы паведаміў «Белсату», што абскардзіць гэтае рашэнне ў заяве на імя пракурора Менску.

«Адмоўлена ў адкрыцці крымінальнай справы незаконна, – кажа Алег Волчак. – Па-першае, у мяне дастаткова падставаў лічыць, што пашпарт знік з маёй кватэры менавіта пасля майго затрымання, бо міліцыянты валодалі ключамі ад яе чатыры гадзіны».

Волчак называе прозвішчы гэтых працаўнікоў Цэнтральнага РАУС: Шахлай і ягоны памагаты – участковы Лявошка.

«Па-другое, згодна з законам, скаргі забаронена разглядаць тым органам, на якія ты скардзішся. А гэтым якраз і займаўся той орган, які я падазраю ў крадзяжы майго пашпарту», – зазначае праваабаронца.

Паводле Волчака, пракурор Мікалай Якіменка няслушна растлумачвае заканадаўчыя нормы. Папярэдняе расследаванне вядзецца толькі Следчым камітэтам, а ніяк не ўчастковым інспектарам. Гэта таксама грубае парушэнне заканадаўства з боку пракуратуры.

«На маю думку, пракурор ведае гэты закон, але справа – палітычная, і зразумела, што яны вырашылі зачыніць яе на ўзроўні таго аддзелу, які ёй займаўся», – упэўнены праваабаронца.

Есць і трэці цьмяны ды незразумелы момант справы.

«Пракурор піша, што крадзеж быццам не пацвердзіўся, і пашпарт знаходзіцца ў невядомага, – кажа пацярпелы юрыст. – Пракурор сам сабе супярэчыць і кажа, што ў дзеяннях неўсталяванай асобы прысутнічаюць прыкметы адміністратыўнага правапарушэння – прысваенне знойдзенай маёмасці. Логікі ў гэтым рашэнні пракурора няма: калі не было крадзяжу, і пашпарт не мог быць знойдзены. А калі кажа, што пашпарт быў знойдзены, узнікаюць пытанні: хто яго знайшоў, адкуль такая інфармацыя? Я зразумеў, што пракуратуры было цяжка даць адказ на маё пытанне, каб выкруціцца з гэтай сітуацыі. Але яны не выкруціліся, а яшчэ больш завялі яе ў тупік».

На прапанову Волчака перадаць справу ў Следчы камітэт для разглядання пракурор адказаў адмоваю.

Праваабаронца заклікае ўсіх грамадзянаў (не толькі звязаных з палітыкаю), якія пацярпелі ад незаконных дзеянняў працаўнікоў унутраных справаў, абскарджваць і ствараць праблемы для такіх міліцыянтаў і пракурораў. «Каб тыя задумаліся, што працуюць супраць народу», – кажа Волчак.

Адметна, што ўчастковы Андрэй Саладун, які расследаваў заяву праваабаронцы па факце крадзяжу пашпарту, вядзе і справу па налёце працаўнікоў міліцыі на офіс радыё «Рацыя».

Нагадаем, што 27 студзеня ў цэнтры Менску міліцыя затрымала Алега Волчака, абвінаваціўшы яго ў нецэнзурнай лаянцы. Суд прызнаў затрыманага вінаватым і прысудзіў яму 4 дні арышту. Пасля затрымання Волчака з ягонай кватэры раптоўна знік пашпарт.

26 красавіка пракурор Цэнтральнага раёну Менску Мікалай Якіменка вынес пастанову аб адмове ў адкрыцці крымінальнай справы па факце крадзяжу пашпарту праваабаронцы. Пракурор не знайшоў аб’ектыўных прычынаў лічыць, што пашпарт быў выкрадзены.

belsat.eu

Стужка навінаў