Алег Волчак: Правакацыі могуць рыхтаваць толькі спецслужбы


Праваабаронца Алег Волчак заклікае не баяцца выходзіць на плошчу 19 снежня.

“Згодна з канстытуцыяй і дзейсным міжнародным правам грамадзяне маюць права патрабаваць новых выбараў, калі тыя недэмакратычныя. На сённяшні момант яны ўжо недэмакратычныя, і людзі маюць поўнае права выйсці на плошчу і патрабаваць правядзення новых выбараў прэзідэнта”, – падкрэсліў Алег Волчак.

Нагадаем, што 15 снежня на паседжанні з прадстаўнікамі сілавых структураў Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць у магчымасці правакацыяў з боку дэманстрантаў на плошчы. Ён заклікаў спецслужбы да “жорсткай рэакцыі”, бо “гэта задача праваахоўных органаў, і літасці тут нікому не будзе”.

Алег Волчак упэўнены, што калі правакацыі насамрэч будуць, то не з боку апазіцыі.

“Я не выключаю, што спецслужбы, праваахоўныя органы выкарыстаюць зброю, як гэта было пяць гадоў таму. Я мяркую, што такія правакацыі могуць рыхтаваць толькі спецслужбы. Ужо не раз такое было: і п’яныя да нас падыходзілі, былі пераапранутыя ў цывільнае, нават курсанты школы МУС п’яныя падыходзілі да нас і разбівалі шкло”, – згадвае праваабаронца.

Алег Волчак раіць: “Перадусім трэба затрымліваць, фіксаваць і здаваць у міліцыю тых парушальнікаў парадку, што будуць. Не баяцца – у форме яны ці не ў форме, фатаграфаваць, здымаць і, натуральна, даводзіць да ведама прадстаўнікоў місіі АБСЕ і дыпламатычных місіяў, што будуць прысутнічаць”.

belsat.eu

Стужка навінаў