У Беларусі могуць з’явіцца прыватныя электрастанцыі


Як паведаміў намеснік прэм’ер-міністра Уладзімір Сямашка, электрастанцыі змогуць будаваць і эксплуатаваць прыватныя кампаніі.

“У 2012 г. мусіць з’явіцца закон аб электраэнергетыцы, згодна з якім дзяржава страціць манапольнае права на вытворчасць электраэнергіі. У ім будуць прапісаныя ўмовы: калі вялікія электрастанцыі могуць будавацца і потым эксплуатавацца прыватнымі, у тым ліку замежнымі кампаніямі”, – адзначыў намеснік прэм’ер-міністра.

Сямашка падкрэсліў неабходнасць прыцягваць замежныя інвестыцыі. Ён нагадаў, што замежныя кампаніі ўжо цяпер могуць будаваць станцыі на мясцовых відах паліва.

Аднак выканаўчы дырэктар асацыяцыі “Узнаўляльная энергетыка” Уладзімір Нісцюк лічыць, што замежныя інвестары не зацікавяцца праектамі будаўніцтва вялікіх электрастанцыяў у Беларусі.

“Для інвестара галоўнае – атрымаць прыбытак у максімальна сціслы тэрмін, таму ён не рызыкне ўкладаць буйныя грошы ў будаўніцтва вялікіх электрастанцыяў, бо такія праекты надта затратныя. Да таго ж у Беларусі нельга набыць зямлю, а арэнда нават на пяцьдзясят гадоў выглядае ненадзейна. У параўнанні са звычайнымі электрастанцыямі на тым жа мазуце узнаўляльныя крыніцы энергетыкі выглядаюць прывабней з эканамічнага гледзішча, бо хутчэй акупляюцца. Еўрапейскі інвестар, асабліва з Нямеччыны і Швецыі, пачынае актыўна будаваць ветраўстаноўкі ў нашай краіне. Працэс мог бы ісці яшчэ больш шпарка, каб не бюракратычная цяганіна, якую даводзіцца пераадольваць інвестарам”, – кажа Уладзімір Нісцюк.

Эксперт асцерагаецца, што прыняцце новага закону аб электраэнергетыцы можа нашкодзіць развіццю ўзнаўляльнай энергетыкі.

“Міністэрству энергетыкі нявыгадна, што энергія ад узнаўляльных крыніцаў мае эканамічныя прэферэнцыі, кшталту льготных тарыфаў. Закон аб узнаўляльных крыніцах энергетыкі і так блукаў па кабінетах чыноўнікаў не адзін год, а прыняцце закону аб электраэнергіі можа перакрыць яго дзейнасць”, – заўважае Уладзімір Нісцюк.

belsat.eu

Стужка навінаў