19 снежня студэнтаў зачыняць у інтэрнатах


А пакуль кожнаму прызначылі куратара ў пытаннях Плошчы.

З заклікам “Не хадзіце на плошчу!” выкладчыкі наведваюць студэнтаў у інтэрнатах, падыходзяць да іх на занятках.

“Белсату” стала вядома, што паводле загаду ідэалагічнага аддзелу Менгарвыканкаму ў кожным сталічным універсітэце стварылі спісы выкладчыкаў, якія мусяць курыраваць групы і асабіста кожнага студэнта. Працаўнік універсітэту мае правесці асабістую размову з кожным студэнтам, спытаць яго пра планы на 19 снежня і ўзяць абяцанне, што ў гэты дзень ніхто на плошчу не пойдзе.

Студэнты медычнага ўніверсітэту паведамілі, што намеснікі дэкана па ідэалагічнай працы штодня праводзяць з імі размовы ў пакоях інтэрнату. І раяць, каб 19 снежня сядзелі дома або яшчэ лепей – з’ехалі да бацькоў у правінцыю.

“Маўляў, хвалююцца за нас, што і бацькі не хочуць, каб мы трапілі ў небяспеку з-за лютых планаў апазіцыі, – распавёў пяцікурснік Зміцер Ч. – Але калі я пачаў пярэчыць, што нядзеля 19 снежня – мой законны выходны, калі я магу рабіць, што захачу, намеснік дэкана пералічыла ўсе мае запазычанасці па вучобе і адпрацоўках у інтэрнаце. І нагадала, што мяне чакае размеркаванне”.

На мінулых прэзідэнцкіх выбарах інтэрнаты зачынялі, каб студэнты не маглі нікуды выйсці. “Нам і цяпер сказалі, што зачынім дзверы, паставім ахову, нікуды вы не выйдзеце. На выйсці будуць стаяць намеснікі дэканаў і запісваць усіх, хто пайшоў”, – распавяла студэнтка БДУ Валерыя П.

belsat.eu

Стужка навінаў